Заўсёды сярод лепшых страхавы агент Вацлаў Петкун

Актуальное

Мы ў нашай газеце заўсёды з задавальненнем пішам пра поспехі і дасягненні шаркаўчан ў розных галінах дзейнасці на абласным і рэспубліканскім узроўні. Прыемна, калі жыхары раёна сваёй сумленнай працай дастойна прадстаўляюць родныя мясціны. На гэты раз мы раскажам пра страхавога агента аддзела страхавых паслуг па Шаркаўшчынскаму раёну прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Глыбоцкаму раёну Вацлава Мар’янавіча Петкуна. Па выніках рэспубліканскага конкурсу па заключэнні  дагавораў страхавання ад няшчасных выпадкаў і захворванняў ён стаў 19-ым у сваёй групе, за двухмесячнік сабраў 2 292 500 рублёў страхавой прэміі. 19-ае месца з 5 тысяч агентаў па рэспубліцы, згадзіцеся, добры паказчык. Гэта пры тым, што поле дзейнасці ў яго не такое шырокае, як у агентаў, што працуюць у раёнах і гарадах з вялікай колькасцю насельніцтва, дзе ёсць шматлюдныя прадпрыемствы, заводы. Вацлаў Мар’янавіч працуе па Іёдскім сельсавеце, вуліцы Кастрычніцкай гарадскога пасёлка, яшчэ за ім замацавана частка бюджэтных арганізацый раёна.
Сярод таго, што дапамагае Вацлаву Мар’янавічу штогод дасягаць поспехаў у сваёй дзейнасці, вялікі вопыт (як-ніяк працуе ў Белдзяржстраху больш за 25 гадоў), веданне жыхароў раёна, уменне адшукаць падыход да людзей, а таксама энергічны жыццялюбівы характар. У адной з грамат, якіх за гады работы ў Вацлава Мар’янавіча назбіралася нямала, так і напісана: «Невычарпальная энергія, высокі прафесіяналізм, настойлівасць у дасягненні мэты, уменне працаваць з людзьмі заваявалі вам заслужаны аўтарытэт сярод калег і кіраўніцтва».
Сам Вацлаў Мар’янавіч сярод таго, што дапамагае яму дасягаць добрых вынікаў, назваў яшчэ адзін фактар.
— Хачу падзякаваць нашаму дырэктару Вінцэнту Часлававічу Давыдзёнку, — кажа ён. — Гэта разумны прафесійны кіраўнік і, што немалаважна, добры чалавек, які стварае належныя ўмовы для нашай работы. Заўсёды сустракаю разуменне, садзейнічанне ў маёй рабоце ад старшыні райвыканкама Мечыслава Віктаравіча Морхата, начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Андрэя Мечыслававіча Федуковіча. Вельмі ўдзячны ім за такія адносіны, якія значна аблягчаюць працу ў калектывах.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *