Які галоўны абавязак работніка сферы культуры? Прыносіць людзям сваёй творчай працай станоўчыя эмоцыі, радасць. З гэтым на выдатна спраўляюцца ўдзельнікі калектыву «Каліна», які працуе пры Васюкоўскім СДК і які добра ведаюць і любяць не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці.
А пачыналася гісторыя калектыву у 2003 годзе. На рэпетыцыі збіраліся дома, а першае выступленне, калі было найбольш страшна выходзіць на сцэну, адбылося ў тым жа годзе на свяце Масленіцы ў гарадскім пасёлку. Доўгі час не маглі падабраць назву, пакуль на адным з канцэртаў вядучая не аб’явіла: «Выступае група «Каліна» з песняй «Каліна». Так адна з самых любімых песень слухачоў і дала назву. «Мы падумалі тады, — усміхаючыся, узгадвае Святлана Васюк, — а чаму і не? Мы ж такія ж, як і тая каліна. Не баімся ні холаду, ні непагоды, спяваем у любую пару. І такія ж прыгожыя, як каліна ўвосень, калі чырванеюць на ёй ягады».
Сёння ў склад групы ўваходзяць загадчык Васюкоўскага СДК Святлана Васюк, мастацкі кіраўнік Вольга Яцына, музычны акампаніятар Мікалай Кірыенка. Алена Пагарэлава (працуе ў мясцовай бібліятэцы) з’явілася ў асноўным складзе пасля таго, як калектыў пакінула Святлана Лаўрыновіч. Калі з’яўляецца вольны час, далучаецца да іх сакратар Станіславоўскага сельсавета Алёна Седзюкевіч. Часта на сцэне выступаюць сумесна з Эдвардам Эдвардавічам Вялічкам.
Усіх гэтых людзей аб’ядноўвае адна агульная рыса — любоў да песні, якая займае ў іх жыцці важнае месца. І Святлана, і Вольга, і Алена пачалі спяваць яшчэ ў дзяцінстве, у іх і бацькі былі такія — з музычнымі талентамі. Бацьку Святланы Юльяна Юльянавіча Шатанёнка запрашалі граць на баяне на кожнае вяселле, добры голас у яе маці Міраіды Пятроўны. А бацькі Алены Уладзімір Барысавіч і Надзея Мікалаеўна Стоцікі ўтварылі сямейны калектыў і былі вядомыя па ўсім раёне. Мікалай Кірыенка музычную навуку асвойваў сам. Рэпетыцыі спачатку наведваў на чыстым энтузіязме, іграў на сінтэзатары, не шкадуючы ўласнага часу, рабіў апрацоўкі мелодый і не спяваў. Доўга не маглі ўгаварыць яго выступіць на сцэне. А цяпер Мікалай — адзін з самых запатрабаваных артыстаў у раёне, спявае не толькі ў «Каліне», але выступае і сольна. Яго прыгожы голас любяць слухачы, асабліва жанчыны.
Калі мы гаворым пра папулярнасць «Каліны», гэта не прыгожыя словы. Яны пабывалі з канцэртамі практычна ў кожным сельсавеце раёна. Сёлета былі запрошаны выступаць на свяце аграгарадка Більдзюгі, канечне, не абышлося без іх свята ў родных Васюках. Прадстаўляюць яны раён на абласным узроўні. Былі сёлета ў Глыбокім на Дні беларускага пісьменства. Вельмі добрыя ўражанні засталіся ад выступленняў на Славянскім базары. За два гады ў іх ужо з’явіліся свае прыхільнікі. Людзі, якім спадабалася іх выступленне ў мінулым годзе, і сёлета шукалі «Шаркаўшчынскі падворак», каб паслухаць «Каліну». Згадзіцеся, гэта гаворыць пра многае. А запатрабаванасць, слухацкая ўдзячнасць — гэта тое, што найбольш трэба артысту. «Калі людзі слухаюць, — гаворыць Святлана Васюк, — калі ім падабаецца, то выкладваеш усе сілы, можна спяваць і да раніцы».
У «Каліне» не спыняюцца на дасягнутым, ідзе пастаянная работа над абнаўленнем рэпертуару. Пераважна адбіраюцца папулярныя песні 80-90-ых гадоў. Асноўнае патрабаванне, каб песня была душэўная, меладычная, прыгожая, а галоўнае — падабалася самім спевакам. Тады, як паказвае практыка, і слухачам яна прыходзіцца па душы. Дарэчы, ёсць у іх рэпертуары песня на верш мясцовай паэткі Галіны Іванаўны Сікоры «Ты не глядзі здаля», творчасць якой ім вельмі падабаецца.
Вядома, частыя выезды, выступленні патрабуюць рашэння арганізацыйных пытанняў. Тут заўсёды дапамагаюць
начальнік аддзела культуры райвыканкама Іна Мар’янаўна Шынкевіч, дырэктар ААТ «Васюкі» Віктар Мар’янавіч Арцюшэўскі. Удзельнікі «Каліны», вядома ж, выказваюць ім за гэта словы падзякі. Дарэчы, сельгаспрадпрыемства выдзеліла сродкі на набыццё новых сцэнічных касцюмаў для артыстаў, у якіх яны хутка будуць красавацца на сцэне.
Хутка ў гаспадарках раёна будуць праводзіцца Дні работнікаў сельскай гаспадаркі, на гэтых святах «Каліна» заўсёды чаканы госць, а значыць недахопу ў запрашэннях не будзе. А калі казаць пра доўгатэрміновыя планы, то мараць выступіць з вялікім канцэртам у юбілейны для сябе 2013 год на сцэне РДК.
Гісторыя «Каліны» яшчэ раз пацвярджае вядомую ісціну. Калі людзі захоплены справай, калі яны аддаюць ёй увесь вольны час, то абавязкова прыйдзе поспех, любоў і прызнанне слухачоў.
Андрэй БУРЭЦ
