ЦВК зарэгістравала пяць кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі

Актуальное

000020_1594723900_89450_bigЦэнтрвыбаркам сёння на пасяджэнні зарэгістраваў пяць кандыдатаў у Прэзідэнты, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Зарэгістраваны Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандр Лукашэнка, Святлана Ціханоўская, Сяргей Чэрачань.

Адмоўлена ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку з-за неадпаведнасці прадстаўленай дэкларацыі аб даходах і маёмасці, а таксама з-за таго, што ў яго выбарчай кампаніі ўдзельнічала замежная арганізацыя. Не зарэгістравала ЦВК і Валерыя Цапкалу: ён не змог сабраць у падтрымку свайго вылучэння больш за 100 тыс. дакладных подпісаў выбаршчыкаў. Прычына таксама ў тым, што ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці яго жонкі былі названы недакладныя звесткі, якія маюць істотнае значэнне.

Сёння ЦВК разгледзела яшчэ шэраг пытанняў выбарчай кампаніі. Так, Цэнтрвыбаркам унёс змяненні ў палажэнне аб парадку выкарыстання СМІ пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў. Скарэкціраваны даты і час выхаду ў эфір выступленняў па радыё і тэлебачанні кандыдатаў у Прэзідэнты. Як адзначалася ў час пасяджэння, дзеючы кіраўнік дзяржавы, які балаціруецца на новы тэрмін, адмовіўся ад прадастаўленага яму выбарчым заканадаўствам часу на перадвыбарныя выступленні. З улікам гэтага і магчымасцей Белтэлерадыёкампаніі ЦВК лічыць аптымальным, каб выступленні па радыё выходзілі ў эфір па панядзелках і серадах з 8.00 да 9.00. Першыя будуць 20 і 22 ліпеня. Права на далейшыя выступленні прэтэндэнты на вышэйшую дзяржаўную пасаду змогуць рэалізаваць 27 і 29 ліпеня. На тэлебачанні кандыдаты выступяць 21 і 28 ліпеня з 17.00 да 19.00. Што датычыцца тэледэбатаў, то ЦВК прапанавала правесці іх 30 ліпеня. Скарэкціраваны таксама пералік друкаваных СМІ, у якіх кандыдаты змогуць апублікаваць перадвыбарныя праграмы. Акрамя таго, у ЦВК правялі сярод кандыдатаў жараб’ёўку па вызначэнні даты і часу перадвыбарных выступленняў.

Як паведамлялася, Палата прадстаўнікоў назначыла прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня. Згодна з каляндарным планам датэрміновае галасаванне на выбарах адбудзецца з 4 па 8 жніўня. Вынікі Цэнтрвыбаркам павінен падвесці не пазней за 19 жніўня. Другі тур, калі ў ім будзе неабходнасць, згодна з планам павінен прайсці не пазней чым у двухтыднёвы тэрмін, гэта значыць 23 жніўня.