Незвычайная выстава ў дзіцячай бібліятэцы

Актуальное

Арганізатары і ўдзельнікі выставы
Арганізатары і ўдзельнікі выставы

Людзі, якаія займаюцца жывапісам, у сваёй творчасці звяртаюцца да напісання малюнкаў, карцін у самых розных жанрах. Кожны тут займае сваю нішу, выбірае свой уласны накірунак. Вось і наша зямлячка, шаркаўчанка Наталля Карман ужо не першы год на сваіх мастацкіх работах адлюстроўвае жывёл, у асноўным катоў.
Маладая мастачка пасля набыцця профільнай адукацыі пэўны час працавала ў раённым цэнтры рамёстваў. Неаднаразова яна ладзіла свае творчыя выставы, на якія з ахвотай прыходзілі шаркаўчане. А пасля знаходжання ў водпуску па догляду за дзецьмі Наталля стала працаваць па спецыяльнасці ў Лужкаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Там яна вучыць маленькіх выхаванцаў малюнку і жывапісу, вучыць кожнага з іх адлюстроўваць на паперы свет прыгожага, свет вакол нас.

Наталля Карман расказвае пра свае работы
Наталля Карман расказвае пра свае работы

Бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Людміла Казіцкая, якая даўно сябруе з мастачкай, прапанавала Наталлі арганізаваць невялікую аўтарскую выставу ўласных работ у Шаркаўшчыне.
— Ведаеце, пэўны час я не згаджалася, бо яшчэ не маю ў дастатковай колькасці малюнкаў і карцін, — кажа Наталля. — Але потым вырашыла паспрабаваць сябе ў гэтай цікавай творчай справе.
На выставу прыйшлі выхаванцы і педагогі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, работнікі бібліятэкі. Аўтар выставы падрабязна расказала пра стварэнне кожнай работы, пра той сэнс, які карціны даносяць да гледача. І дзеці, і дарослыя з цікавасцю слухалі аповед мастачкі, выказвалі свой погляд на выявы, якія адлюстраваныя ў творах.
— Наталля вельмі сціплы чалавек, — сказала нам Людміла Казіцкая. — Асабіста я лічу, што ёй трэба несці сваё мастацтва да гледача, бо яе творчы напрамак і сапраўды варты таго, каб яго бачылі людзі.
Дарэчы, адкрыццё выставы было прымеркавана да міжнароднага дня катоў, які адзначаецца 8 жніўня. Напэўна, мала хто ведае, аб гэтым. Тым не менш, і сапраўды існуе такое свята. Таму і тэматыка прадстаўленых работ цалкам адпавядала дадзенаму дню.
Сяргей РАЙЧОНАК.