80-гадовы юбілей адсвяткаваў Фама Ульянавіч Брылёў

Актуальное

юбіляр Фама Ульянавіч сярод родных і гасцей

Часта сустракаючыся з людзьмі пажылога пакалення, размаўляючы з імі пра жыццё, нявольна думаеш: вось на іх працавітасці, у якіх бы сферах яны ні працавалі, у сельскай гаспадарцы, у будоўлі, іншых галінах дзейнасці, і ствараўся дабрабыт нашай краіны пасля пакінутай вайной разрухі. Яны паспявалі  працаваць і ўмелі добра адпачыць. Да такіх людзей, без сумнення, можна аднесці жыхара вёскі Старае Сяло (ці згодна з дакументамі вуліцы Старасельскай у Вялікім Сяле) Фаму Ульянавіча Брылёва, які адсвяткаваў 80-гадовы юбілей 10 кастрычніка.
Са святам юбіляра павіншавалі прадстаўнікі Германавіцкага сельсавета,

юбіляр прымае віншаванні

выказаўшы пра яго нямала добрых слоў. Фама Ульянавіч паважаны чалавек у вёсцы, з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі Вялікага Сяла, старшынёй не толькі на паперы, а сапраўдным удзельнікам грамадскага жыцця, актыўным арганізатарам. Пры ім стала ўжо звычаем праводзіць на Дзень пажылых людзей святочныя канцэрты.
Нарадзіўся Фама Ульянавіч у шматдзетнай сялянскай сям’і. Шаркаўшчынскі раён для яго не родны, сюды пераехалі да сястры, у якой рана памёр муж і была патрэбна дапамога ў вядзенні гаспадаркі. Адслужыўшы 4 гады ў арміі на далёкай Камчатцы, ён вярнуўся і пачаў працаваць у калгасе «Вялікае Сяло» шафёрам. Машына была адна на ўсю гаспадарку, таму нагрузка была вялікая. На машыне даводзілася вазіць старшыню калгаса, былога франтавіка Пятра Аляксандравіча Балая. Кіраўнік заўважыў спрытнага хлопца, і неўзабаве Фаму Ульянавічу прапанавалі папрацаваць брыгадзірам у Шышках. Потым ён некалькі гадоў выконваў абавязкі інжынера. Быў парторгам, завочна адвучыўся на агранома ў Лужасна, 21 год адпрацаваў на пасадзе намесніка старшыні калгаса. І цяпер з гонарам прыгадвае, што калгас «Вялікае Сяло» па паказчыках быў пастаянна на першых пазіцыях у раёне. Ёсць у гэтым, вядома, і заслуга Фамы Ульянавіча.
У наступным годзе споўніцца 50 гадоў іх сумеснага жыцця з Ганнай Іванаўнай. Пазнаёміліся яны на вяселлі сябра. Як сеў тады Фама Ульянавіч на лаве побач з незнаёмай дзяўчынай, так і па сённяшні дзень разам. У іх тры сыны: Аляксандр, Леанід і Юрый. Сярэдні Леанід жыве ў Германавічах, непадалёк ад бацькоў. Зразумела, што часта наведвае бацьку, аказвае неабходную дапамогу. Са сваёй жонкай Таццянай павіншавалі яны пажылога чалавека ў дзень юбілею.

самаробны фантан у садзе гаспадара

Калі Фама Ульянавіч выйшаў на пенсію, з’явілася магчымасць надаваць болей часу хатняй гаспадарцы. Заняўся пчалярствам, гэтую навуку давялося спасцігаць самому. Цяпер у яго ўжо  свая невялікая пасека. А ў якім прыгожым месцы размешчаны дом гаспадароў! З абрывістага берага можна любавацца на раку Дзісну. Што казаць, прыгожая навокал прырода, але і сам гаспадар пастараўся ўпрыгожыць свой падворак, у яго тут нават ёсць свой маленькі фантан і іншыя зробленыя ўласнымі рукамі прыгожыя прыдумкі.

а проста каля дома Фамы Ульянавіча бяжыць прыгажуня Дзісна

— А самае галоўнае пра юбіляра і забылі сказаць, — усміхаюцца гаспадары, калі мы пачынаем ужо развітвацца.
Аказваецца, Фама Ульянавіч праз усё жыццё пранёс любоў да песні, у маладосці быў пастаянным удзельнікам мастацкай самадзейнасці, любіць заспяваць і цяпер. Сярод любімых песень «Пришла весна в мои края», «Домик окнами в сад», «Нёман». А на юбілей жонкі Ганны Іванаўны падараваў ёй песню ўласнага сачынення. Пра што? Ну вядома ж, пра каханне і падзяку за гады, пражытыя разам у згодзе. Бясспрэчная ісціна, што ў чалавека, які любіць песню, душа добрая і не старэе з гадамі. Жадаем Фаму Ульянавічу не губляць бадзёрасці духу і каб праблемы са здароўем не турбавалі яго.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *