Пра асаблівасці сёлетняга нарыхтовачнага сезона мы даведалася, наведаўшы аддзел нарыхтовак райспажыўтаварыства

Актуальное

Таццяна Голуб абмяркоўвае надзённыя задачы з нарыхтоўшчыцамі Тамарай Літвіновіч, Верай Морхат і Ірынай Бягун

Падыходзіць да завяршэння яшчэ адна восень, на агародах і ў лясах людзі збіраюць апошнія рэшткі летняга ўраджаю. На якія культуры атрымаўся ўраджайным гэты год, як прайшла сёлета кампанія па закупках у насельніцтва садавіны і гародніны, куды адпраўлялася закупленае? Пра гэта нам расказала намеснік старшыні райспажыўтаварыства па нарыхтоўках Таццяна Мар’янаўна Голуб.
— Вядома, якасць нашай работы вызначаецца па тым, як спраўляемся з выкананнем даведзенага плана. У прынцыпе, дзесьці атрымліваецца лепей, дзесьці спрацавалі не так добра. Па выніках за 9 месяцаў перавыканалі план па здачы парэчак (8 тон), суніц (14,3 тоны), брусніц і журавін (39,4 тоны). У нас нарыхтавана 18,6 тоны чарніц і дурніц (буякоў). Як і летась, мы заключылі кантракт на іх пастаўку ў Латвію, 12 тон замарожаных ягад чакаюць адгрузкі. Яблыкаў за 9 месяцаў нарыхтавана 750 тон. Галоўным нашым закупшчыкам  выступіў КАСЗ, які закупіў 542 тоны, 187 тон прадалі ААТ «Купцовъ» (г. Глыбокае). Цяпер для нас галоўнай задачай з’яўляецца закладка садавіны (закупаем знятыя яблыкі па 3000 рублёў за кілаграм) і гародніны (морква, цыбуля, капуста, буракі, бульба) для забеспячэння насельніцтва ў зімовы перыяд. Нашы нарыхтоўшчыцы праводзяць актыўную работу ў дадзеным накірунку. Увогуле, хацелася б адзначыць добрымі словамі іх работу, усе актыўныя, працуюць не першы год, ведаюць сваю справу. Гэта Лена Анецька, Ірына Бягун, Ліма Фядотава, Жанна Высоцкая, Зінаіда Кавалёнак, Фёдар Грыгаровіч, Тамара Літвіновіч, Вера Морхат. Актыўна дапамагаюць работніцы магазінаў: у Германавічах — Валянціна Осіпава, Дворнава — Ірына Морхат, Запруддзі — Марына Чарвінская, Наваселлі — Алена Байкоўская.
У час нашага наведвання ў аддзеле нарыхтовак якраз прысутнічалі некалькі нарыхтоўшчыц. Вось што яны расказалі пра асаблівасці сёлетняга нарыхтовачнага сезона:

Тамара Літвіновіч (пазаштатная нарыхтоўшчыца, Алашкі): “На тэрыторыі нашага сельсавета яблыкаў сёлета было не шмат, таму даводзіліся актыўна выязджаць у суседнія раёны (Браслаўскі, Глыбоцкі і нават трапілі ў Мядзельскі). Актыўна здавалі людзі журавіны, як з суседніх раёнаў, так і ў Алашках. Хоць, на жаль, жыхароў у іх   засталося не так шмат. Мы гатовыя адклікнуцца на любую прапанову па здачы, выязджаем, можна сказаць, у любы час сутак.

Ірына Бягун (нарыхтоўшчыца, Лужкі): “Лужкі — вялікія, таму нарыхтоўкі робім у асноўным па сваім аграгарадку. Але сёлета ў нас быў малы ўраджай яблыкаў, толькі 10 тон з нарыхтаваных 70 узялі з Лужкоў. Затое ў нас добра здаюць бульбу, ёсць пастаянныя здатчыкі, якія яе шмат вырошчваюць, фермеры. На сённяшні дзень здадзена 51 тона. Нармальна прайшла нарыхтоўка ягад, дзікарослых (чарніцы, брусніцы) і культурных (чырвоныя і чорныя парэчкі). А вось журавін мала.

Вера Морхат (нарыхтоўшчыца, Вялікае Сяло): “А вось у нас сёлета з яблыкамі праблем не было. Практычна і выязджаць нікуды не трэба было, 110 тон сабрала ў насельніцтва Вялікага Сяла. Ёсць у мяне свае перадавыя здатчыкі па яблыках: Расціслаў Іванавіч Гарачка здаў 9,5 тоны,  Валянціна Іларыёнаўна Бужынская — 5,4 тоны, Віктар Іванавіч Кляноўскі — 4 тоны.

Калі я ўжо збіраўся развітвацца, у кабінет зайшла Ларыса Мікалаеўна

вось такія прыгожыя яблыкі растуць у садзе Ларысы Мікалаеўны Сяліцкай

Сяліцкая. Яна прынесла паказаць яблыкі і грушы, якія  можа здаць на закладку. Яе муж Іван Іосіфавіч у свой час пасадзіў сад і вельмі любіў ім займацца. Таму яблыкі ў яе (сярод якіх ёсць і «Памяць Сікоры) на заглядзенне. Каля тоны здала сёлета Ларыса Мікалаеўна пладоў-ападкаў. І вось цяпер дамовілася з Таццянай Голуб, што райспажыўтаварыства закупіць у яе ўсе знятыя яблыкі, а таксама грушы.
Нагадаем, што нарыхтоўка яшчэ працягваецца і калі ў вас застаюцца лішкі той ці іншай гародніны, садавіны, вы можаце здаць яе. Пра ўмовы можна даведацца па тэлефоне 4-12-85. Адзінае патрабаванне, каб прадукцыя была якасная.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *