З самага ранку 21 жніўня па раёне ішлі дожджы. Гэта акалічнасць адмоўна паўплывала на ход уборачнай кампаніі, але ні ў якім разе ні на работу зернесушыльных комплексаў, дзе праца ідзе ў кругласутачным рэжыме.
У ААТ “Даватарскі” сёлета адны з самых большых намалотаў збожжа. На 21 жніўня тут сабралі 4095 тон зерневых і зернебабовых культур. Асноўную частку збожжа з палёў гаспадаркі звозяць на зернесушыльны комплекс, размешчаны на цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства.
— З пачатку сёлетняй уборкі да нас паступіла 342 тоны азімага рапсу, 2300 тон азімай пшаніцы, — кажа вагаўшчык Алена Пачкоўская. — На дадзены момант займаемся прыёмкай яравых культур. Толькі за ўчарашні дзень на зернесушыльны комплекс паступіла 160 тон аўса, які трэба своечасова пачысціць і дасушыць.
— Сёлетняе цёплае і сухое надвор’е станоўча паўплывала не толькі на працу камбайнераў, але і на нашу работу, — далучыўся да размовы старшы аператар зернесушыльнага комплексу Павел Арлоў. — Наш комплекс працуе на прыродным газе, які каштуе вельмі дорага. Такім чынам, мы змаглі з эканоміць дадзены энергетычны рэсурс, бо зерне з палёў паступала з вільготнасцю ў 15-17 працэнтаў. Усяго ж за суткі мы перапрацоўваем не менш за 150 тон збожжа. Акрамя мяне на зернесушылцы працуюць Валерый Курыловіч, Іван Коласаў і Іван Скукоўскі.
Прыехаўшы на цэнтральны зернесклад КУВСП імя Маркава аграгарадка Радзюкі, сустрэлі там яго загадчыцу Таццяну Мядзюха. Жанчына паказала нам прылеглую тэрыторыю, на якой заўсёды падтрымліваюцца чысціня і парадак. На пляцоўках няма ніводнага зярнятка, усё акуратна і беражна захоўваецца ў памяшканнях.
— На наш склад сёлета паступіла 612 тон збожжа азімых культур, — кажа жанчына. — Фуражнае збожжа мы размяшчаем на складах у вёсцы Савуткі і ў аддзяленні Расвет. На складзе ў Радзюках захоўваем ачышчанае насенне. На жаль, у гаспадарцы не хапае работнікаў. Па гэтай прычыне на польскай зернесушылцы працуе толькі адзін аператар — Мікалай Кулеш. Ачысткай зерня на агрэгаце “Петкус” таксама займаецца адна жанчына — палявод Ірына Міхалёва. Значную дапамогу на вызначаных відах работ нам аказваюць старшакласнікі і студэнты з ліку мясцовай моладзі. Старанна працуюць на складзе юнакі Даніла Жолуд, Максім Осіпаў і Уладзімір Карабкоў. Дарэчы, аказаць дапамогу гаспадарцы падчас жніва — іхняя ўласная ініцыятыва. Тым больш, што юнакі атрымаюць за гэта пэўны грашовы заробак.
У дзве змены, не спыняючы рабочы працэс, працуе і цэнтральная зернесушылка ў ААТ “Агратэхсэрвіс”, размешчаная на ўскрайку гарадскога пасёлка. Аператарамі тут з’яўляюцца Ігар Буйка і Дзмітрый Федаровіч, дапамагаюць ім Дзмітрый Шамровіч і Вячаслаў Ардынскі.
— Надвор’е цяпер для ўборкі зерневых вельмі спрыяльнае, — кажа аператар Ігар Буйка. — Збожжа трапляе з палёў з вільготнасцю да 20 працэнтаў. — Спадзяёмся, што ў хуткім часе выканаем увесь запланаваны аб’ём работ і ўсё збожжа гаспадаркі будзе перапрацавана належным чынам.
Па стане на 24 жніўня па раёне ўбрана 12999 гектараў плошчаў зерневых і зернебабовых культур, што складае 81,6 працэнта да задання. Пройдзе крыху часу і жніво 2020 года ў раёне цалкам будзе завершана.
Сяргей РАЙЧОНАК.



