На сёлетнім жніве, як і ў мінулыя гады, у кожным сельгаспрадпрыемстве ёсць перадавыя камбайнеры і вадзіцелі, якія намалацілі і перавезлі звыш адной тысячы тон зерня. З кожным днём іх колькасць павялічваецца.
Першым камбайнерам-“тысячнікам” у раёне з’яўляецца Юрый Ардынскі з ААТ “Даватарскі”. А першым вадзіцелем, які перавёз ад камбайнаў адну тысячу тон, стаў шафёр ААТ “Ельня-Агра” Віктар Красько.
На 27 жніўня колькасць “тысячнікаў” значна павялічылася. Ёсць яны ў ААТ “Даватарскі”, “Агратэхсэрвіс”, “Ельня-Агра”, “Княж”, “Жвіранка”, “Буеўшчына”, у КУВСП імя Маркава і “Гарадзец”. Усяго налічваецца 8 камбайнераў, якія намалацілі звыш адной тысячы тон збожжа і столькі ж вадзіцеляў, якія перавезлі адну тысячу тон збожжа і больш.
25 жніўня наш раён наведаў намеснік Генеральнага дырэктара ААТ “Глыбоцкі МКК” Сяргей Кандзерскі. Нагодай для візіту стала ўзнагароджванне лепшых хлебаробаў ААТ “Агратэхсэрвіс”. Сяргей Міхайлавіч павіншаваў камбайнера гаспадаркі Анатолія Грыгаровіча з першай тысячай тон намалочанага зерня, уручыў яму Падзяку, а таксама грашовую прэмію. Усяго ж на рахунку камбайнера налічваецца 1104 тоны намалочанага зерня (на 25 жніўня). Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская далучылася да віншаванняў. Яна таксама ўзнагародзіла Анатолія Нікадзімавіча грашовай прэміяй. Не засталіся ў баку кіраўніцтва і прафкам гаспадаркі. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Кавалёнак і прафсаюзны лідар Рэгіна Невярковіч адзначылі каштоўнымі падарункамі і грашовымі ўзнагародамі камбайнераў Анатолія Грыгаровіча, Валерыя і Івана Александровічаў, якія намалацілі 1096 і 1009 тон зерня адпаведна, а таксама вадзіцеляў Вячаслава Катовіча і Максіма Магалінскага. Першы перавез ад камбайнаў 1441 тону, а другі 976 тон зерня.
Сёлета вытворчую практыку ў сельгаспрадпрыемстве праходзіць студэнт Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Мікіта Ісаеў. Будучы інжынер падчас жніва задзейнічаны на трактары “Беларус” МТЗ-80 у счэпе з цыстэрнай, запраўленай вадой. Ён штодзённа нясе дзяжурства побач з камбайнамі для ліквідацыі выпадкаў узгаранняў машын. За сваю сумленную работу юнак атрымаў каштоўны падарунак з рук кіраўніка гаспадаркі.
У той жа дзень прадстаўнік Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната наведаў ААТ “Жвіранка”, каб павіншаваць з высокімі працоўнымі дасягненнямі перадавога камбайнера Яўгенія Пятрашку. Мужчына першы год працуе на камбайне “New Holland”, але, тым не менш, змог вызначыцца высокімі намалотамі не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне. Па стане на 25 жніўня Яўгеній намалаціў 1770 тон зерня. Да віншаванняў таксама дылучылася кіраўніцтва ААТ “Жвіранка”. Дырэктар гаспадаркі Пётр Ананька ўручыў Яўгенію Васільевічу каштоўны падарунак.
Нягледзячы на тое, што жніво набліжаецца да свайго фінішу, у іншых хлебаробаў — камбайнераў і вадзіцеляў — яшчэ ёсць магчымасць запісаць на свой рахунак яшчэ большую колькасць тон намалочанага і перавезенага зерня, каб павялічыць колькасць лідараў уборачнай кампаніі ў Шаркаўшчынскім раёне.
Сяргей РАЙЧОНАК.

