Маладыя сем’і Шаркаўшчынскага раёна заўсёды актыўна праяўляюць сваю грамадзянскую пазіцыю, прапагандуюць перавагу вясковага жыцця над гарадскім. У папярэднія гады прызавыя месцы ў раённым, абласным этапах рэспубліканскага сямейнага конкурсу сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” займалі сем’і Рамановічаў з аграгарадка Радзюкі, Молакавых з аграгарадка Більдзюгі. Дарэчы, першыя ў 2015 годзе заваявалі перамогу на рэспубліканскім узроўні гэтага прэстыжнага конкурсу.
Сёлета паспрачацца за званне лепшай вырашыла сям’я Марата і Анжэлы Шэнда з аграгарадка Більдзюгі.
— Прыняць удзел у конкурсе нам прапанавалі прадстаўнікі адміністрацыі ААТ “Жвіранка”, спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам БРСМ, — кажа Марат. — Мы з Анжэлай далі сваю згоду. Абласны этап гэтага конкурсу праходзіў завочна. Спецыялісты з раённага Цэнтра культуры на працягу некалькіх дзён вялі відэздымкі паўсядзённага жыцця нашай сям’і па загадзя распрацаванаму сцэнарыю. Відэафільм быў накіраваны на разгляд журы конкурсу. Разам з іншымі матэрыяламі мы накіравалі ў Віцебск сямейныя фотаздымкі, біяграфію нашай сям’і, якая пачала свой адлік у мінулым годзе.
— Сям’я Марата і Анжэлы вылучаецца сярод іншых сваімі прыкладнымі паводзінамі, працавітасцю, шчырасцю і сяброўствам, — далучылася да размовы загадчыца Більдзжскага сельскага Дома культуры Таццяна Блажэвіч. — Гаспадар працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве на пілараме, а гаспадыня знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па догляду за дзіцяці. У сям’і падрастае першынец — сынок Уладзіслаў. Гаспадарка выдзеліла ім жыллё, якое Марат і Анжэла трымаюць у належным стане. Вакол сядзібы чысціня і парадак, расце мноства кветак, размяшчаюцца малыя архітэктурныя формы. Пакрысе ўзводзяцца і гаспадарчыя пабудовы, маецца вясковая лазня.
— Без гаспадаркі ў вёсцы цяжкавата жыць, — прадаўжае размову Анжэла. — Трэба, каб і парсючкі былі, і куры, і іншая жывёла.
— Сям’я Шэнда хоць і не трапіла ў фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, але з годнасцю прадставіла Шаркаўшчынскі раён на абласным узроўні, — кажа галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч. Мы ўпэўнены, што перамогі ў Марата, Анжэлы і Уладзіка абавязкова будуць наперадзе.
Кіраўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства “Жвіранка” ў якасці падарунка за ўдзел у конкурсе ўручыла сям’і Шэнда бычка, які папоўніў гаспадарку. Асабліва ўзрадаваўся гэтай падзеі маленькі Уладзік, які пад наглядам таты і мамы любіць пагладзіць дзіцячай далонькай прыгожага гадаванца.
Сяргей РАЙЧОНАК.

