“Ідзе Багач багаты —адчыняй дзверы, хто яму рады!”

Актуальное

 

02_bagach_30092018_zam_tutby_phsl

З такіх слоў пачалася гульнёва-пазнавальная праграма для дзяцей, якая праходзіла 21 верасня ў раённым цэнтры рамёстваў.

На свята, якое прымеркавана да заканчэння збору ўраджаю і першага запальвання хатняга агню, запрасілі маленькіх аматараў беларускага фальклору, вучняў 6 класа сярэдняй школы № 1. У школьнікаў была магчымасць даведацца, што гэта за свята і як яно даўней святкавалася.изображение_viber_2020-10-01_16-42-15

А святкавалі сяляне яго тады, калі быў змалочаны апошні сноп, які ўрачыста заносілі ў хату, абмалочвалі, зерне ссыпалі ў сявеньку, затым устаўлялі свечку, запальвалі яе і насілі з хаты ў хату з пажаданнямі шчасця і дабрабыту.

Як адзначыла пад час нашай размовы метадыст раённага цэнтра рамёстваў і арганізатар мерапрыемства Алена Сухаверская, дзеці былі вельмі добрымі слухачамі і ўдзельнікамі. Дзяўчынкі і юнакі з задавальненнем прымалі ўдзел у гульнях, адгадвалі загадкі, пераказвалі прымаўкі. Трэба адзначыць, што да праграмы далучыліся і ўдзельніцы фальклорнага гурта “Калядзіца”, якія расказалі пра бытавыя беларускія танцы, а затым прадэманстравалі “Какетку”, “Кракавяк”, “Каханачку”, “На рэчаньку”. У сваю чаргу прысутныя падтрымлівалі артыстаў апладысментамі. Моладзі было вельмі цікава даведацца пра гэтае свята, пра якое большасць прысутных чулі ўпершыню.

изображение_viber_2020-10-01_16-42-16

Багач — гэта язычніцкае свята ўраджаю. Яго правядзенне, як і многіх іншых язычніцкіх рытуалаў, абумоўлена гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Дбайны гаспадар імкнуўся да Багача скончыць усе палявыя работы і нават пачысціць і схаваць да вясны земляробчы інвентар, які ў прыказках да гэтага свята называецца “рагачом”. Асноўная ж сялянская праца працягвалася ў гумне,  млыне.

Багачом або багацтвам называлі таксама кошык з жытам і свечкай. Яго на свята насілі ў кожную хату і адрыну. Зерне ў кошык збіралі з першага зажыначнага снапа, свечку рыхтавалі пад спеў дажынкавых мелодый. Згодна з павер’ямі, Багач забяспечваў сям’і дабрабыт і шчасце.

— Традыцыйная абраднасць — гэта спрадвечная крыніца народнай памяці, часцінка нашага духоўнага жыцця, якую мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне, бо без мінулага няма будучага. Мы заўсёды рады нашым гасцям, нашым маленькім гледачам, якіх з задавальненнем будзем чакаць на наступным свяце, — кажа Алёна Валер’еўна.

Падрыхтавала Алена АНАНІЧ.

изображение_viber_2020-10-01_16-42-16