Іёдская і Станіславоўская школы — у ліку прызёраў абласнога конкурсу па здачы яблыкаў

Актуальное

IMG_3522 (Копировать)У верасні ў Віцебскай вобласці праходзіў конкурс па зборы яблыкаў сярод школьнікаў, агульнаадукацыйных і дашкольных устаноў. Арганізавала яго абласное спажывецкае таварыства з мэтай павелічэння аб’ёмаў нарыхтоўкі яблыкаў па ўсіх раёнах вобласці. Ну а для школ гэта была добрая магчымасць, здаўшы яблыкі з прышкольных садоў, зарабіць грошы і выйграць каштоўны прыз. Сярод актыўных удзельнікаў конкурсу былі і навучальныя ўстановы нашага раёна: Іёдская ДС-СШ заняла другое месца, Станіславоўская БС — трэцяе. Іх прадстаўнікі сабраліся 7 кастрычніка ў малой зале райвыканкама для ўзнагароджання.

— Мы ўсе, настаўнікі, школьнікі, тэхнічны персанал,  актыўна папрацавалі і вельмі прыемна сёння атрымаць узнагароду за сваю працу, — кажа дырэктар Іёдскай ДС-СШ Раіса Лагунёнак. — Сярод самых актыўных нашых вучняў назаву Максіма Мяцеліцу, Юрыя Баговіча, Яўгена Грайчонка, Ілону Пасную.

— А ў нашай школе сярод самых актыўных збіральнікаў былі Генадзь Шамшур, Анастасія Дубач, Мікіта Федарэнкаў, Ілля Жук, — расказвае дырэктар Станіславоўскай базавай школы Святлана Сідарчук. — Актыўна працавалі і астатнія. Усе — вялікія малайцы.

IMG_3527 (Копировать)Павіншаваць пераможцаў і ўручыць падарункі (тэлевізар — за другое месца, шматфункцыянальнае ўстройства — за трэцяе) прыехаў намеснік старшыні праўлення абласнога спажывецкага таварыства Віктар Шуляк, які падзякаваў школам раёна (у тым ліку, Германавіцкай і Лужкаўскай, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, але не занялі прызавых месцаў), за тое, што адгукнуліся на прапанову і зрабілі карысную для дзяржавы справу.

Прадстаўніца УП “Полацкая ўніверсальная база” Наталля Каваленка перадала школам салодкія падарункі.

Андрэй БУРЭЦ.