11 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі культуры. Культура — паняцце вельмі шырокае, якое ахоплівае мноства самых розных прафесій і заняткаў. А мы сёння раскажам пра тых людзей, якія з пашанаю і беражлівасцю ўзнаўляюць, працягваюць і развіваюць матэрыяльную культуру шаркаўшчынскага краю, а значыць, і ўсіх беларусаў, займаюцца традыцыйнымі рамёствамі продкаў і адначасна шукаюць новыя цікавыя формы. Такім чынам напярэдадні свята мы завіталі ў раённы цэнтр рамёстваў.
Намеснік дырэктара РЦК па народнай творчасці Вікторыя Казіміраўна Дубоўская ўзначальвае цэнтр рамёстваў з часу яго адкрыцця ў 2001 годзе. Яна захапляецца пляценнем з саломы, стварае капялюшы, разнастайныя вырабы. Сама творчы, улюбёны ў сваю справу чалавек, яна аб’ядноўвае вакол сябе такіх жа людзей.
— Наш цэнтр рамёстваў, — расказвае Вікторыя Казіміраўна, — з’яўляецца структурным падраздзяленнем раённага Цэнтра культуры і выконвае культурна-адукацыйныя, пошукава-даследчыя, кансультацыйна-метадычныя функцыі. Наша дзейнасць накіравана на захаванне, развіццё і папулярызацыю лепшых народных традыцый. За 19 гадоў свайго існавання мы прайшлі няпросты цікавы шлях развіцця. Сёння наша ўстанова — гэта не толькі майстэрні, але і вучэбны цэнтр, дзе займаюцца дарослыя і дзеці. Узорам для вучэбнай дзейнасці служыць калекцыя знойдзеных у час экспедыцый прадметаў народнага мастацтва: даўніх ручнікоў і іх фрагментаў, маляваных дываноў, посцілак, прадметаў лазапляцення і разьбы па дрэве. На базе майстэрняў цэнтра арганізавана праца гурткоў для дзяцей па наступных відах творчасці: вышыўка, гліняная цацка, вязанне карункаў, аплікацыя з саломкі, саломапляценне, крэатыўнае рукадзелле. Дарослые пад кіраўніцтвам Ірыны Грунінай асвойваюць тэхніку вышыўкі стужкамі і іншыя віды сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Трэці год пры нашай установе існуе фальклорны гурт “Калядзіца” пад кіраўніцтвам Алёны Сухаверскай. Яго ўдзельнікі развучваюць пераважна бытавыя танцы, спяваюць народныя песні, выконваюць гумарэскі. Калектыў актыўна выступае на разнастайных мерапрыемствах у раёне. На базе нашага цэнтра арганізаваны лялечны тэатр “Батлейка”, які прапануе ўвазе маленькіх гледачоў тры спектаклі. Лялькі для іх распрацавалі Святлана Заіка і Ірына Груніна.
У клубе майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Талака”, якім кіруе Святлана Заіка, 34 удзельнікі. Яму нададзены статус “народны”. На мінулым тыдні ў нас адкрылася выстава творчых работ майстроў клуба пад назвай “З’яднаныя талентам”. Свае работы прадставілі Алеся Сікора, Любоў Сырцова, Марыя Талапіла, Галіна Талапіла, Ірына Аляксеева, Ала Леднік, Алена Якушава, Зоя Маціеўская, Алена Дзяхцяр, Любоў Алянцэвіч, Антаніна Курачонак, Галіна Лабуць. Выстава атрымалася вельмі разнастайная і цікавая, запрашаю ўсіх наведаць яе.
Увогуле, выставачная зала цэнтра рамёстваў з’яўляецца сапраўдным царствам мастацтва. У нас праводзяцца выставы як дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, так і творчых работ шаркаўшчынскіх і беларускіх мастакоў. Тут праходзяць святы народнага календара, гульнёвыя праграмы.
Майстры цэнтра рамёстваў —актыўныя ўдзельнікі розных абласных, рэгіянальных, раённых мерапрыемстваў, святаў, конкурсаў. Так, у верасні прайшла абласная інтэрактыўная выстава-конкурс мастацкіх вырабаў “Птушыны перапалох”. У намінацыі “Лепшая кармушка для птушак” Яўген Ананіч атрымаў дыплом 1-й ступені, у намінацыі “Лепшая выява птушак” Ала Леднік — дыплом 2-й ступені.
Я пераканана, што нацыянальная культура з’яўляецца невычэрпнай крыніцай мудрасці, духоўнасці, багатых народных традыцый, той сілай, якая аб’ядноўвае ўсіх беларусаў і напаўняе сэрца любоўю да нашай радзімы. Напярэдадні свята хачу пажадаць сваім калегам, усім тым, хто працуе ў сферы культуры, моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, радасці сэрцу, цяпла душы, аптымізму, творчых поспехаў і знаходак
Андрэй БУРЭЦ.




