Сёння для кожнага рэгіёна сельскай мясцовасці востра стаіць пытанне аб утылізацыі адходаў. Для таго, каб паўздзейнічаць на дадзеную сітуацыю, у Лужкаўскай сярэдняй школе распрацавалі праект “Школьны кампосцер” па выдзяленні арганічных адходаў і іх кампасціраванні.
— Настаўнікі і вучні на прышкольным участку стварылі кампосцер для арганічных адходаў, якія маюцца ў навучальнай установе, — кажа дырэктар школы Ларыса Гараніна. — Гэты кампост будзе выкарыстоўвацца для ўгнаення глебы на прышкольным участку: для кветнікаў, у цяпліцах. Тым самым мы будзем развіваць на прышкольным участку арганічнае земляробства, вырошчаванне гародніны больш высокай якасці і без дадатковых матэрыяльных затрат.
Удзельнікамі ў рэалізацыі праекта сталі дырэктар школы Ларыса Гараніна, загадчык гаспадаркай Вера Тадасіева, настаўнікі Вольга Шуман, Ірына Грыдзюшка, Вольга Шастакевіч, Анатолій Крыўко, а таксама вучні 9 экалагічнага класа.
Вынікам праведзенай працы стала перамога ў раённым этапе рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, які праводзіць ГА “БРСМ”.
На мінулым тыдні павіншаваць з перамогай настаўнікаў і вучняў Лужкаўскай СШ прыехалі першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Кавалеўская і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч. Яны выказалі словы вялікай удзячнасці калектыву навучальнай установы. Вераніка Кавалеўская ўручыла Ларысе Гаранінай дыплом пераможцы і салодкія пачастункі для вучняў. Іна Шынкевіч у межах праводзімай дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі падарыла памятны сувенір.
Сяргей РАЙЧОНАК.