78 гадоў мінула з той пары, калі ў лістападзе 1942 года падчас карнай экспедыцыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі знішчаны ў агні разам з жыхарамі шматлікія вёскі Іёдскага сельсавета. Некаторым людзям пашанцавала ўцалець, але іх дамы спаліў вораг. Бяда прыйшла нечакана.
24 лістапада каля помніка ў аграгарадку Шыці работнікі культуры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна навялі парадак: зграбілі сухую траву, прыбралі апалае лісце, вычысцілі пліты мемарыялу. У той жа дзень у памяць аб ахвярах жудаснай трагедыі адбыўся мітынг-рэквіем. Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць аб нявінна загінуўшых мірных грамадзянах. У брацкай магіле, дзе размешчаны мемарыял, знайшлі свой вечны спакой нявінна забітыя старыя і дзеці, дарослыя жанчыны і мужчыны. Менавіта ў памяць пра іх у 1976 годзе тут і быў узведзены мемарыяльны комплекс.
— Цяпер вельмі важна памятаць пра тую жудасную трагедыю, якая адбылася амаль восем дзясяткаў год назад, — з такімі словамі звярнулася да прысутных вядучая мерапрыемства Ала Міхайлава. — Мы не павінны забываць пра тыя зверствы, якія здзяйснялі нямецка-фашысцкія захопнікі на нашай роднай зямлі. Вельмі дорага каштавалі свабода і мір для савецкіх людзей. Таму мы ўсе павінны берагчы свабоду, незалежнасць роднай краіны, нашай Беларусі.
Потым прадстаўнікі грамадскіх арганізацый наведалі аграгарадок Іёды. Тут да іх далучыліся вучні мясцовай школы разам з настаўнікам гісторыі Яўгеніем Цітовічам. На ўскрайку населенага пункта ёсць памятнае месца, пахаванне людзей.
— У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Іёды нямецкія карнікі звозілі яўрэяў у мясцовае гета, якое размяшчалася побач з цяперашняй школай, — расказаў прысутным Яўгеній Яўгеньевіч. — Яўрэі былі не толькі з Іёдаў, але і з навакольных вёсак. Акупанты выкапалі вялізную яму, куды і звозілі расстраляных яўрэяў з гета. Адбылося гэта ў 1941 годзе і працягвалася больш за месяц. Паліцаі і нямецкія салдаты не дазвалялі забіраць целы забітых людзей, каб пахаваць на могілках. І толькі, як забілі апошняга яўрэя, мясцовыя жыхары на конях пачалі вазіць зямлю, каб засыпаць амаль 500 нявінна забітых яўрэяў.
У часы вайны знаходзіліся такія людзі, якія спецыяльна падказвалі паліцаям ці немцам, дзе хаваюцца яўрэі. За аднаго яўрэя карнікі плацілі па пуду солі. Гэта цяжкі і вельмі страшны быў час. Але былі і іншыя людзі. Неяк ў адну мясцовую сям’ю прыйшла яўрэйка з дзецьмі. Яны былі галодныя і жабравалі. Жанчына на лусты хлеба намазала ім тлушч са сваёй забітай немцамі каровы, каб хоць нечым пакарміць людзей. Як высветлілася, гэтым яўрэям пашанцавала выжыць. У 1950-я гады яны аддзячылі жанчыну.
Мінаюць гады, якія ўсё больш аддаляюць нас ад часоў вайны. Ужо амаль не засталося сведкаў той агульнай трагедыі чалавецтва 1941—1945 гадоў, і толькі людской памяці, непадуладнай часу, наканавана жыць скрозь вякі ў сэрцах нашчадкаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.