У памяці шаркаўшчынскай зямлі назаўсёды застануцца дзве восені 1942 і 1943 гадоў, калі фашысты спалілі 11 вёсак разам з іх жыхарамі

Актуальное

Владимир Хворов

Тэма вайны ніколі не можа быць занядбанай, бо чалавецтва чамусьці зноў і зноў імкнецца ваяваць. І толькі мудры вучыцца на чужых памылках, каб не зрабіць сваіх. У гэтым сэнсе беларускі народ — адзін з наймудрэйшых. Нездарма ў свеце ўсе ведаюць нас як талерантную нацыю. А самі мы раз-пораз зычым адзін аднаму мірнага неба над галавой, доўгіх гадоў жыцця і дадаём: «Абы не было вайны…» Бо спакутаваная наша зямля за сваю гісторыю ўдосталь паспытала крыві. І нават на падсвядомым узроўні тыя, хто нарадзіўся ўжо ў мірны час, кіруючыся нейкім “шостым пачуццём”, разумеюць, што вайна — гэта дрэнна, і што хочаце рабіце з намі, а ваяваць мы не будзем…
Можа ўзнікнуць пытанне: «А навошта гаварыць пра вайну, калі мы і так адна з самых мірных нацый у свеце?» Аднак адказ ёсць. Бо вайна — гэта не збег абставін. Гэта прадуманая палітыка пэўных груповак людзей, часцей за ўсё блізкіх да ўлады. У сваіх меркантыльных інтарэсах, імкнучыся ўзвысіцца за кошт іншых, гэтыя людзі пачынаюць «запускаць» у масы хлуслівыя ідэі. Нездарма адзін з ідэолагаў нацызму сказаў, што калі нават самы вялікі падман паўтараць шмат разоў, ён пачынае ўспрымацца як праўда…
Спаленыя беларускія вёскі — гэта не проста ахвяры вайны. Яны —вынік мэтанакіраванай палітыкі генацыду, правадзімай фашысцкім камандаваннем. Гэта здарылася з-за таго, што адзін народ пачаў думаць, што ён лепшы за іншыя, што яго кроў больш чыстая, што яго мова прыгажэйшая. Той народ вырашыў, што можа ўзяць на сябе права суддзі і выносіць некаму смяротны прысуд.
У 1940 годзе быў распрацаваны генеральны план «Ост», звязаны з адной з галоўных мэт германскага кіраўніцтва, — захопам неабходнай для росквіту трэцяга рэйху «жыццёвай прасторы», яе каланізацыяй, вызваленнем «жыццёвай прасторы» ад «лішняга» карэннага насельніцтва… «Дванаццаць запаведзяў паводзін немцаў на ўсходзе і іх стаўленне да рускіх» ад 1 чэрвеня 1941 года, як і іншыя дакументы, вызвалялі фашысцкіх салдат ад адказнасці за злачынствы і праводзілі зверствы ў дачыненні да мірнага насельніцтва ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Таму тое, што здарылася ў Беларусі шмат гадоў назад — гэта не проста вайна, гэта вынік вялікага падману, якім былі адурманены нямецкія салдаты.
У памяці шаркаўшчынскай зямлі назаўсёды застануцца дзве восені 1942 і 1943 гадоў, калі фашысты спалілі 11 вёсак разам з іх жыхарамі.
Уладзіміру Мілянцею з Шаркаўшчыны не было і двух гадоў, калі карнікі палілі яго родную вёску Свілы. Згарэла ўсё дашчэнту: ніводнай гаспадарчай пабудовы не засталося. Колькі бязвінных людзей загінула ў вогнішчы, па-зверску распаленым фашыстамі!
Здаецца, пра сясцёр Хатыні, пра тыя населеныя пункты, якія на сёння сцёртыя з твару зямлі назаўсёды і якія адрадзіліся пасля вайны, ужо нямала расказана. Але ў біяграфіі спаленых вёсак узнікаюць новыя факты. Асабліва, калі яшчэ жывыя сведкі тых бесчалавечных трагедый. А пакуль жывыя сведкі вайны, ацалелыя жыхары спаленых вёсак, ім, самае галоўнае, трэба даць магчымасць выказацца, данесці да сучасных людзей трагедыю, якую ім давялося перажыць.

Уладзімір Мілянцей.
Крывавы след вайны
Па Беларусі след крывавы,
Дзе вёскі спалены з людзьмі.
На месцы іх — мемарыялы,
Сляды прайшоўшай тут вайны.
Фашысты мучылі і білі
У сваіх дамах людзей у той год.
Свабоду нам з пятлёй на шыі
Чамусьці нёс чужы народ.
За што ж тут дзетак папалілі?
Фашыст тут быў суддзя і кат.
Яны, нарэшце, не забылі
Што натварыў тут іх салдат.
А на ваенных папялішчах
Душ спаленых пачуеш плач.
Тут могілкі і абеліскі —
След страты, што стварыў палач.
Пра жах вайны каб помніў кожны
І больш вайны каб не было.
За мір змагацца ўсім штодзённа,
Дабро каб зло перамагло.

Матэрыял падрыхтавала А. МІХАЙЛАВА,
кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”.