15 снежня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Ганны Пятроўны Харытонавай

Актуальное

986Ганна Пятроўна Харытонава ўсё сваё жыццё прысвяціла педагагічнай працы. Успаміны пра гэту жанчыну, яе біяграфію, былых вучняў і калег запісаў жыхар вёскі Зорка Віктар Морхат:
— Ганна Пятроўна нарадзілася ў Шаркаўшчынскім раёне, у сялянскай сям’і. Яе працоўная дзейнасць пачалася ў Більдзюжскім доме-інтэрнаце імя Заслонава. Пасля Вялікай Айчыннай вайны існавала такая ўстанова. Праз некаторы час Ганна Пятроўна стала дырэктарам Венсампальскай школы, якая размяшчалася на тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета. Потым яна стала працаваць настаўніцай геаграфіі ў Ямненскай школе. Тут пэўны час займала пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.
Сваімі ўспамінамі пра школьнае жыццё і вучобу падзяліліся былыя вучні Ганны Пятроўны.
Зоя Пажарская, галоўны бухгалтар ААТ “Ельня-Агра”:
— Я закончыла Ямненскую базавую школу ў 1982 годзе. Ганна Пятроўна выкладала ў нас геаграфію з 5 класа. Урокі былі вельмі цікавыя, бо настаўніца выкарыстоўвала не толькі матэрыял падручніка, але і прыводзіла прыклады са свайго асабістага жыцця.
Міхаіл Якімовіч, дырэктар ААТ “Ельня-Агра”:
— Выказваю вялікую падзяку Ганне Пятроўне як настаўніку і як чалавеку. Я закончыў Ямненскую школу ў 1988 годзе. Ганна Пятроўна была класным кіраўніком у нашым класе. Яна вучыла нас не проста прадметам, яна навучыла нас жыццю. Заўсёды давала парады, як трэба весці сябе ў тых або іншых абставінах, як правільна прымаць жыццёвае рашэнне. За гэта я ёй вельмі ўдзячны.
Сняжана Булах, намеснік дырэктара Полацкага каледжа ВДУ імя Машэрава:
— Ганна Пятроўна — цудоўны чалавек і выдатны педагог. Я вучылася ў Ямненскай школе ў 1983— 1988 гадах. Назаўсёды ў памяці засталіся кабінет геаграфіі, парты, дошка, атлас, контурныя карты.
Мне вельмі пашанцавала, што Ганна Пятроўна была нашым класным кіраўніком. Яна вучыла нас дабрыні, справядлівасці, вучыла быць спагадлівымі і міласэрнымі, выхоўвала ў нас павагу да бацькоў, да старэйшых людзей. У маёй памяці засталіся выезды агітбрыгад па аддаленых вёсках калгаса, святочныя школьныя вечары, экскурсіі, іншыя школьныя мерапрыемствы.
Да кожнага вучня Ганна Пятроўна ставілася з павагай. Заўсёды магла падтрымаць, даць параду, атуліць мацярынскай пяшчотай і ласкай.
Асабіста для мяне Ганна Пятроўна стала прыкладам сапраўднага настаўніка-прафесіянала. У многім дзякуючы ёй пасля заканчэння школы я абрала прафесію настаўніка. А сёння з радасцю віншую свайго любімага педагога і зычу ёй здароўя, любові і доўгіх год жыцця!
Ніна Буда, намеснік дырэктара ААТ “Ельня-Агра”:
— Мяне таксама вучыла Ганна Пятроўна. А пасля заканчэння Полацкага педвучылішча я стала працаваць настаўніцай у Зоркаўскай школе, мы з ёй сталі калегамі. Ганна Пятроўна заўсёды давала мне парады, рабіла падказкі. Я ўвесь час адчувала падтрымку з яе боку. Вялікі дзякуй вам, паважаная Ганна Пятроўна, за вашу працу, за вашу дапамогу на пачатку майго педагагічнага шляху!
Віктар Морхат, настаўнік-пенсіянер:
— Я працаваў у адным педагагічным калектыве разам з Ганнай Пятроўнай каля 20 гадоў. Яна была ўмелым арганізатарам. Шмат цікавых паходаў мы здзейснілі разам з ёй і з вучнямі на балота Ельня, уздоўж ракі Дзісна. Былі ў Полацку, Ушачах, Обалі, іншых месцах. Яна заўсёды ўмела прадумаць, арганізаваць і правесці мерапрыемствы. Я гэтаму і вучыўся ў Ганны Пятроўны. А набыты вопыт спатрэбіўся мне ў далейшай педагагічнай працы.
Лідзія Гінько, кіраўнік справамі Германавіцкага сельвыканкама:
— Напрыканцы 1980-х гадоў я пачала сваю працу ў Ямненскай школе. Тады я займала пасаду дырэктара ўстановы. Дзякуючы падтрымцы старэйшых педагогаў, у тым ліку і Ганны Пятроўны, змагла не спасаваць перад цяжкасцямі. Яна не толькі рабіла мне слушныя прапановы, але і дапамагала ў рэалізацыі ідэй. Сіламі настаўнікаў быў праведзены рамонт даху школьнага будынку. Прылеглая тэрыторыя заўсёды знаходзілася ў належным стане, навокал буялі кветкі.
Мая Якімовіч, старшыня Германавіцкага сельвыканкама:
— Упершыню з Галінай Пятроўнай я сустрэлася 27 год назад, калі маладым педагогам прыйшла працаваць у Зоркаўскую сярэднюю школу. Ад яе я атрымала першыя практычныя ўрокі педагагічнага майстэрства. Цяпер Ганна Пятроўна з’яўляецца старэйшынай вёсак Ямна і Людвінова. Яна — мой надзейны памочнік і дарадца.
Вялікі дзякуй вам за жыццёвыя ўрокі чуласці, спагаду, клопат! Прыміце самыя шчырыя словы віншаванняў з юбілеем! Жадаю вам моцнага здароўя, міру і дабрыні, светлых, ясных дзён і толькі выдатнага настрою!
Мы таксама далучаемся да пералічаных вышэй віншаванняў ад былых вучняў і калег Ганны Пятроўны. Зычым ёй зямнога шчасця, любові блізкіх людзей, спагады і доўгіх год жыцця!
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.