
16 снежня ў 11.12 на пульт цэнтральнага аператыўнага кіравання ПАВЧ № 1 Шаркаўшчынскага РАНС паступіла тэлефанаванне: на вадаёме Вардзік тоне рыбак. Выратавальнікі выехалі адразу ж, але каб даехаць да месца здарэння, патрэбны час. Ці паспеюць?
Як аказалася, мужчына праваліўся пад лёд за 30-40 метраў ад берага. Прыйсці на дапамагу свайму таварышу ніхто з прысутных на возеры рыбакоў не рызыкнуў — занадта тонкі лёд. Выратавала пацярпелага тое, што трымаўся ён за рыбацкую скрынку, якая і ўтрымлівала яго на вадзе. А тут і выратавальнікі падаспелі, паклалі на лёд лесвіцу, па якой камандзір аддзялення ПАВЧ №1 Іван Зайцаў падабраўся да мужчыны і выцягнуў яго з проламкі. Пасля працяглага знаходжання ў вадзе рыбак, натуральна, атрымаў пераахалоджванне, і яго адразу ж забрала хуткая дапамога.
— Хочацца выказаць падзяку супрацоўнікам Шаркаўшчынскага РАНС, аператыўныя дзеянні якіх выратавалі чалавечае жыццё, — гаворыць старшыня раённага таварыства выратавання на вадзе Уладзімір Катовіч. — І зазначыць, што, на жаль, шаркаўчане не прыслухоўваюцца да нашых папярэджванняў. Нагадаю, што ў раённай газеце за 9 снежня быў апублікаваны артыкул пра афіцыйную забарону выхаду на лёд, пакуль яго таўшчыня не дасягне 7 сантыметраў. Адпаведнае распараджэнне прыняў раённы выканаўчы камітэт. Відавочна, што цяперашніх невялікіх марозаў недастаткова, каб лёд стаў трывалым. Пра гэта мы пастаянна папярэджваем рыбакоў падчас правядзення прафілактычных рэйдаў. Гэтае здарэнне, якое ледзь не скончылася смерцю, з’яўляецца яскравым доказам той небяспекі, якой падвяргае сябе чалавек, выходзячы на тонкі лёд. У чарговы раз звяртаюся да шаркаўчан: будзьце ўважлівыя падчас зімовай рыбалкі, захоўвайце элементарныя правілы бяспекі, не рызыкуйце ўласным жыццём.
Андрэй БУРЭЦ.
