
У Вольгі і Андрэя Давыдавых, якіх жывуць у аграгарадку Іёды, ужо двое дарослых дзяцей: сын Максім і дачка Анастасія. Што паўплывала на іх рашэнне ў 2008 годзе ўзяць на выхаванне чатырохгадовую Лену? Можа, адказ у тым, што сама Вольга нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, у якой былі 4 дачкі і 2 сыны. Ды і ўвогуле, гэта закладзена прыродай у сутнасці жанчыны — заўсёды клапаціцца пра кагосьці. А яшчэ муж Вольгі Андрэй любіць дзяцей, з такім мужам, па яе словах, лёгка іх выхоўваць.
— З Ленай спачатку было складана ў тым, — расказвае Вольга, — што яна была вельмі прывязана да бабулі, прасілася пастаянна назад. А потым прывыкла да нас. І ведаеце, у першы час усё ніяк не магла яна нагаварыцца словам “мама”. Нават у адным сказе магла тры разы яго сказаць. Было відаць, што ёй вельмі падабаецца яго вымаўляць.
Рашэнне прыняць у сваю сям’ю маленькае дзіця было няпростым. Вольга з Андрэем цудоўна разумелі, што быць прыёмнымі бацькамі — гэта не толькі работа, за якую дзяржава выплачвае грошы, гэта цэлае жыццё. Ёсць розніца, што выхоўваць сваё дзіця, а што прыёмнае. Вольга падзялілася з намі сваім меркаваннем:
— Вось гавораць, сіротак трэба шкадаваць, любіць, патакаць ім ва ўсім. А я думаю іначай. Любіць, вядома, трэба, але яшчэ іх трэба выхоўваць, часам, калі неабходна, і суровай быць, патрабаваць дысцыпліны, прывучаць да працы. Каб выраслі яны нармальнымі людзьмі, якія потым змогуць адшукаць сваё месца ў жыцці. Спадзяюся, што як вырасце Лена, стане самастойнай, то не забудзе ўзгадаць нас добрым словам, будзе наведваць нас.
Цяпер Лена вучыцца ў пачатковых класах. Калі мы выклікалі яе са школьнага кабінета, каб зрабіць фотаздымак, да нас выйшла сапраўдная прыгажуня ў акуратным касцюмчыку, з прыгожай прычоскай і мілай усмешкай. Гэтая ўсмешка не можа зманіць, яна сведчыць, што Лене сапраўды добра ў сям’і Вольгі і Андрэя.
Андрэй БУРЭЦ

Уважение и почет таким людям !!!!