Кожная прафесія па-свойму важная. А вось на жывёлагадоўчых фермах без слесара не абысціся. Ды што жывёлагадоўля, ні водзін вытворчы працэс на прадпрыемстве не абыходзіцца без удзелу слесара. Менавіта такую пасаду займаў некалі Віктар Інакенцьевіч Міхалёў, калі жыў у Латвіі. Па волі лёсу, дзевятнаццаць гадоў назад ён пераехаў з сям’ёй у вёску Прамяны ААТ “Княж”. Не змяніў ён сваёй прафесіі і тут. З таго часу працуе на ферме Сталіца слесарам. Вядома ж, праца на вытворчасці і ў сельскай гаспадарцы адрозніваецца. Тут яго абавязак сачыць за тым, каб спраўна працаваў транспарцёр па выдаленню гною з фермы, а калі той выйдзе са строю — адрамантаваць, адказвае за бесперабойную работу паілак у жывёлагадоўчых памяшканнях і шэраг іншых спраў даводзіцца перарабіць, дзе выкарыстоўваецца механізацыя.
Цяпер мадэрнізуюцца фермы, і для слесара ёсць магчымасць унесці рацыяналізатарскія прапановы, якія б садзейнічалі павышэнню прадукцыйнасці працы і якасці прадукцыі. За наватарскія ідэі гонар і пашана будзе таму слесару, хто за гэту справу возьмецца. А гэта ў Віктара Інакенцьевіча можа атрымацца. Бо цяпер на ферме новыя пабудовы з механізацыяй, ёсць дзе праявіць сваё вынаходніцтва.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА
