Агонь і дым усім рэжа вочы.
І п’ём пясок замеж вады.
Цікуе смерць і ўдзень, і ў ночы,
Не знаць бы нам такой бяды!
Надзея Паляк
32 гады аддзяляюць нас ад таго дня, калі апошні савецкі салдат пакінуў тэрыторыю Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан, выканаўшы свой інтэрнацыянальны абавязак. Гэтай даце быў прысвечаны вечар успамінаў, які прайшоў у раённым Цэнтры культуры для воінаў-афганцаў 15 лютага.
Кожнаму з былых салдат савецкай арміі было што ўспомніць з тых часоў, расказаць пра гады службы і ваеннага ліхалецця пад палаючым небам Афганістана.
— Я васямнаццацігадовым юнаком быў прызваны на тэрміновую службу, — успамінае Барыс Андрэеў. — На той час не думаў, што апынуся ў Афганістане, але лёсам было наканавана трапіць у самы ачаг ваенных дзеянняў. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, мы змаглі выжыць і вярнуцца дамоў.
— Наша сённяшняя сустрэча — даніна павагі тым, хто прайшоў шляхамі афганскай вайны, якая працягвалася ў два разы даўжэй, чым Вялікая Айчынная, — сказала Ала Міхайлава. — Пра яе доўга не казалі, рабілі сакрэтнай. Цяпер жа абавязкова трэба расказваць пра людзей, якія годна выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак, загады камандзіраў.
— Я прызваўся ў Афганістан кадравым ваенным, — успамінае старшы лейтэнат запасу, пілот верталёта Мі-24 Іосіф Курыловіч. — У той час служыў у авіяпалку на Брэстчыне. У жніўні 1982 года разам з іншымі саслужыўцамі быў камандзіраваны ў Афганістан. За год службы ў гэтай “гарачай кропцы” здзейсніў 260 баявых вылетаў на сваёй “крылатай машыне”, займаўся пошукам варожых караванаў, суправаджаў транспартныя верталёты і аўтакалоны, вывозіў з поля бою параненых савецкіх салдат.
Цікавы выпадак з часоў службы ўспомніў Аляксандр Слабовіч. У Афганістане ён знаходзіўся са снежня 1982 па студзень 1984 года. Напярэдадні Новага года камандзір даручыў маладому байцу прынесці ў вайсковую часць елку, каб як след адзначыць свята. Між тым, у гэтай паўднёвай краіне нельга было знайсці такое дрэва, бо ў Афганістане яны не растуць. Але, нягледзячы на такую акалічнасць, Аляксандр Пятровіч знайшоў каля аднаго з адміністрацыйных будынкаў сасну. Вайсковец зрэзаў яе і прынёс у казарму — свята атрымалася. Праз некалькі год Аляксандр выпадкова даведаўся, што ў 1961 годзе падчас сяброўскага візіта Юрыя Гагарына ў Афганістан ім была пасаджана памятная сасна менавіта ў тым горадзе, дзе служыў Аляксандр. Па іроніі лёсу гэта сасна, пасаджаная першым касманаўтам свету, стала святочным упрыгожаннем на навагоднім мерапрыемстве ў нашых салдат.
Шмат успамінаў гучала ў той вечар з вуснаў воінаў-афганцаў. Яны расказвалі пра час, калі служылі ў Афганістане, пра сяброў і саслужыўцаў, пра моманты з жыцця, якія назаўсёды засталіся ў сэрцах кожнага з іх.
Для воінаў-афганцаў песні спявалі Мікалай Марозаў і Уладзімір Радзюк, уласны верш прачытаў удзельнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Віктар Лагун.
На вечары таксама прысутнічалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Васілеўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома, першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Кавалеўская, настаяцель царквы іконы “Усіх смуткуючых Радасць” протаіерэй Віктар Валашчук. Памятнае мерапрыемства прайшло дзякуючы падтрымцы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
Сяргей РАЙЧОНАК.






















