
19 лістапада ў Шаркаўшчыне праводзіліся “прамая лінія” і прыём грамадзян дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання М. В. Морхатам. Як вядома, Мечыслаў Віктаравіч абраны дэпутатам па Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе № 29 і зараз прадстаўляе інтарэсы нашага раёна, а таксама Браслаўскага і Пастаўскага, у парламенце. Чытачы ведаюць, што выбары дэпутатаў праводзіліся 23 верасня. 18 кастрычніка на першым пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў была прынята пастанова аб прызнанні паўнамоцтваў дэпутатаў. М. В. Морхат уваходзіць у склад камісіі па дзяржаўнаму будаўніцтву, самакіраванні і рэгламенту, таксама з’яўляецца членам Міжпарламентскай асамблеі праваслаўя.
— Гэта мой першы дэпутацкі прыём грамадзян у Шаркаўшчыне, — пачынае расказваць М. В. Морхат. — Прыемна, што людзі тэлефануюць і прыходзяць на асабісты прыём. Гэта азначае, што грамадзянам патрэбна дапамога дэпутатаў. Буду прыкладваць максімум намаганняў, каб вырашаць праблемныя пытанні землякоў.
Як высветлілася, людзі тэлефанавалі дэпутату, каб падзякаваць за тое, што Мечыслаў Віктаравіч зрабіў падчас працы на пасадзе старшыні райвыканкама. Некалькі чалавек узнялі пытанне грэйдзіравання і асфальтавання дарог. А. Ф. Ахрамёнак папрасіў пасадзейнічаць у асфальтаванні вул. Маладзёжная ў Шаркаўшчыне, а таксама ў будаўніцтве аб’язной дарогі ў райцэнтры на Браслаўскі накірунак. Т. Л. Хрол узняла праблему работы магазіна ў вёсцы Сталіца.
Прадстаўнікі паляўнічага калектыву Лужкаўскай паляўнічай гаспадаркі пыталіся пра тое, каб адкрыць паляванне на пушніну. Жыхары Шаркаўшчыны тэлефанавалі з пытаннямі асвятлення вуліц у вячэрні і ранішні час. В. П. Малыш з вёскі Баяры пацікавілася, ці ёсць магчымасць арганізаваць вечарам дзяжурства міліцыі на чыгуначным вакзале. Жыхары вёскі Буеўшчына звярнуліся з просьбай пасадзейнічаць вырашэнню пытання адкрыцця ФАПа ў іх населеным пункце.
Жыхарка райцэнтра І. Г. Цу-Кан-Фу папрасіла Мечыслава Віктаравіча дапамагчы арганізаваць работу па ліквідацыі аварыйнага дрэва на могілках у Балтрамеях.
— Звяртаючыся да жыхароў раёна, хачу звярнуць увагу, што падобныя “прамыя лініі” і прыёмы грамадзян будуць праводзіцца рэгулярна, — запэўніў М. В. Морхат. — Пра час іх правядзення будзе паведамляцца ў раённай газеце і па радыё. Усе жадаючыя змогуць патэлефанаваць па нумары 4-42-25 або прыйсці на асабісты прыём у райвыканкам (каб. № 90, 4-ы паверх).
На заканчэнні нашай гутаркі Мечыслаў Віктаравіч папрасіў выказаць праз газету словы падзякі жыхарам раёна, якія аказалі яму давер — абралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Аляксандр БАРЫЛА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА
