
3 снежня — асаблівы дзень у календары, гэта дзень, у які трэба ўзгадаць пра людзей, што па розных прычынах пазбаўлены магчымасцяў і здольнасцяў, якія ёсць у здаровых. Кожны дзень ім даводзіцца змагацца з праблемамі, якія нам, звычайным людзям, незнаёмыя. Яны жывуць з абмежаванымі магчымасцямі. У Шаркаўшчынскім раёне пры ТЦСАН дзейнічае аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Яго загадчыца Таццяна Мар’янаўна Клімза расказала нам пра акцыю «Белы кіёк», а таксама пра адного з пастаянных наведвальнікаў Валодзю Савіцкага, які нягледзячы на праблемы са зрокам, жыве поўным і яркім жыццём.
Кожны год у Рэспубліцы Беларусь з 15 кастрычніка па 15 лістапада праводзіцца акцыя «Белы кіёк». «Што гэта за назва?»- спытаеце вы. На самой справе нічога незвычайнага тут няма. 3 1969 года белы кіёк з’яўляецца міжнародным сімвалам людзей, якія па розных прычынах засталіся пазбаўленымі вялікага дару прыроды — зроку. Для іх гэты самы кіёк — магчымасць арыентавацца ў навакольным свеце. Акцыя прызвана нагадаць грамадству пра тое, што побач з намі жывуць інваліды, да якіх трэба быць асабліва ўважлівымі, яны таксама хочуць і павінны жыць паўнавартасным і разнастайным жыццём.
Напэўна, кожны з нас хоць раз у жыцці сустракаў сляпога чалавека. Як правіла, такіх людзей лёгка пазнаць па цёмных акулярах, а таксама па тонкаму кійку белага колеру, які з’яўляецца і апорай, і генератарам гуку. Дотык гэтым прыстасаваннем да прадметаў дазваляе сляпому чалавеку абмацаць прастору навокал, вызначыць высокія і нізкія перашкоды: дрэвы, дамы, слупы, бардзюры, люкі, прыступкі.
Перамяшчацца ў прасторы, гатаваць ежу, апранацца людзям, якія страцілі зрок, вельмі складана. Галоўнае, каб у такой цяжкай сітуацыі чалавека своечасова падтрымалі, дапамаглі зразумець, што ў свеце вялікая колькасць людзей жыве з аналагічнай праблемай.
Колькі разоў мы пераконваемся ў тым, што людзі-інваліды маюць каласальную сілу волі. Сярод іх мноства выдатных мастакоў, спевакоў, музыкантаў, вучоных, таленавітых і цікавых людзей. Сёння хочацца расказаць пра аднаго з іх. Інвалід 1-й групы па зроку Уладзімір Савіцкі жыве ў вёсцы Жукоўшчына. Так здарылася, што Валодзя з ранняга дзяцінства страціў зрок, і з тых часоў ён пазнае свет толькі пры дапамозе гукаў, пахаў, дотыкаў… 3 таго часу прайшло 27 год. Калі пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў, хлопец стаў адным з самых актыўных яго наведвальнікаў. Нягледзячы на адсутнасць зроку, Валодзя мае шмат захапленняў: цікавіцца радыётэхнікай, удзельнічае ў культурна-масавых мерапрыемствах, наведвае заняткі гуртка для інвалідаў па зроку «Павер у сябе!», дзе з дапамогай спецыяльнай агучанай праграмы вучыцца карыстацца камп’ютарам. Уладзімір штогод праходзіць рэабілітацыю ў аддзяленні для інвалідаў па зроку Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, дзе набывае шмат карысных навыкаў. У яго памяці засталіся непаўторныя ўражанні ад наведвання канцэртаў Славянскага базару, горада Майстроў, экскурсій па Віцебску. Самае галоўнае, што ў Валодзі паўсюль шмат сяброў. З такім добразычлівым і жыццярадасным чалавекам заўсёды прыемна і цікава пагаварыць, бо ад яго зыходзіць незвычайнае святло і цеплыня. Хочацца пажадаць гэтаму прыгожаму юнаку, а таксама яго блізкім добрага здароўя, аптымізму, усяго самага найлепшага.
А вам, паважаныя чытачы, хочацца сказаць: цаніце тое, што дадзена нам лёсам. Калі ж жыццё здасца вам асабліва цяжкім, паспрабуйце хаця б на дзесяць хвілін закрыць вочы і ўявіць, што так будзе заўсёды. Вы ніколі болей не ўбачыце прыгажосці навакольнага свету. Паспрабавалі? Помніце, што менавіта так, у поўнай цемнаце, праводзяць жыццё тысячы жыхароў планеты.
Зразумела, што сам па сабе белы кіёк для інвалідаў па зроку праблем не вырашыць, нават калі забяспечыць ім усіх сляпых свету. Але гэта напамін, які можа прыцягнуць нашу ўвагу да людзей, якія гатовы аддаць усё, сцярпець любыя нягоды, каб проста БАЧЫЦЬ.
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ



