Прафсаюзы адсочваюць забеспячэнне даступнасці прадуктаў і медыкаментаў

Прафсаюзы

333“Практыка работы па абмежаванні росту цэн у мінулым годзе паказала, што гэтыя меры далі свой вынік. Але сёння ва ўмовах пандэміі, калі імкліва расце кошт на прадукты харчавання на сусветным рынку, калі шматлікія краіны ўводзяць разнастайныя абмежаванні, патрэбны дадатковыя меры, — адзначыла намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч. — Наш прафсаюзны маніторынг цэн у студзені 2021 года паказаў значны рост па шэрагу прадуктаў першай неабходнасці, а таксама лекавых прэпаратаў. І не заўсёды гэты рост цэн можна было растлумачыць выключна аб’ектыўнымі фактарамі — ростам затрат вытворцаў або прадаўцоў. Мы неаднаразова звярталіся да урада з прапановамі аб увядзенні дадатковых механізмаў, якія дазваляюць выключыць неабгрунтаваны рост цэн. Таксама гэта тэма была агучана старшынёй ФПБ Міхаілам Ордай на VI Усебеларускім народным сходзе. У прыватнасці, было прапанавана ўвесці абмежаванні на рост цэн на найбольш запатрабаваныя лекавыя прэпараты ў перыяд уздыму вірусных захворванняў.

На сённяшні дзень дадзеная ініцыятыва прафсаюзаў рэалізавана. Гэта дазволіць забяспечыць большую даступнасць для людзей прадуктаў першай неабходнасці і лекаў. Акрамя гэтага, такія меры зробяць механізмы фарміравання цэн больш празрыстымі і прадказальнымі. Павышэнне цэн вышэй устаноўленага рашэннем урада парога (0,2 працэнты ў месяц) магчыма будзе толькі пры наяўнасці аб’ектыўных прычын і па ўзгадненні спецыяльнай камісіяй. У яе склад уваходзяць і прадстаўнікі прафсаюзаў.

Федэрацыя прафсаюзаў працягне маніторынг цэн на прадукты і лекі першай неабходнасці. Таксама асаблівая ўвага будзе нададзена іх наяўнасці і запасах у магазінах і аптэках. На сённяшні дзень маюцца ў дастатковай колькасці запасы тавараў, якія карыстаюцца павышанным попытам. Выключэнні носяць адзінкавы характар”.

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.