Вяртаючыся да падзей кастрычніка бягучага года, калі ў раёне праходзіў ІІІ Пленум раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, усімі яго ўдзельнікамі станоўча было ацэнена выступленне старшыні пярвічнай арганізацыі ПМК-68 Алены Георгіеўны Выжыкоўскай. Сёння Алена Георгіеўна расказвае нашым чытачам аб тым, чым прываблівае спецыялістаў і рабочых перасоўнай механізаванай калоны прафсаюзны камітэт прадпрыемства.
— Прафесійны саюз — гэта аб’яднанне па прафесіі або віду дзейнасці. Прафсаюзная арганізацыя ПМК-68 — гэта аб’яднанне будаўнікоў. Наша работа адрозніваецца ад дзейнасці многіх пярвічных арганізацый, якія ўваходзяць у склад райкама прафсаюза работнікаў АПК, але мэты і задачы ў нас агульныя — забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў сваіх супрацоўнікаў.
У згуртаваным калектыве і праца спорыцца. Таму актыў нашага прафсаюзнага камітэта плануе сваю работу такім чынам, каб дапамагчы адміністрацыі прадпрыемства выканаць пастаўленыя задачы, на парушаючы правоў працаўнікоў. ПМК-68 на працягу многіх гадоў займае прызавыя месцы па вытворчых паказчыках сярод будаўнічых прадпрыемстваў аб’яднання “Полацксельбуд”. Нашы дасягненні — гэта рэзультат сумеснай працы адміністрацыі прадпрыемства і прафсаюзнай арганізацыі. А клопат пра супрацоўнікаў, ветэранаў і пенсіянераў, маладых спецыялістаў непасрэдна ўплывае на канчатковыя вынікі вытворчасці.
Безумоўна, вытворчасць у нас складаная. У сувязі з тым, што кошт будаўнічых матэрыялаў павышаецца, паўстае пытанне скарачэння тэрмінаў будаўніцтва. А як іх скараціць? Адказ просты — падоўжаны рабочы дзень і праца ў выхадныя. І толькі дзякуючы нашаму кіраўніку, пытанне аплаты звышурочных у нас даўно вырашана. Кожны дадатковы час аплочваецца ў двайным памеры, а работа ў выхадныя дні, па ўзгадненні з работнікамі, або ў двайным памеры, або з прадастаўленнем іншага дня адпачынку. Трэба адзначыць, што канфліктных пытанняў паміж адміністрацыяй прадпрыемства і супрацоўнікамі амаль не ўзнікае. Дзейнічае правіла: каб на прадпрыемстве працавалі спецыялісты — неабходна плаціць дастойную зарплату. Магчыма, нашы будаўнікі атрымліваюць крыху менш, чым работнікі, якія працуюць згодна з дагаворам найму ў іншых наймальнікаў, але ж у нас дзяржаўнае прадпрыемства, а значыць гарантавана выплата па бальнічнаму лісту, аплочваецца працоўны водпуск, у наяўнасці іншыя льготы. А гэта немалаважна. Многія з супрацоўнікаў ужо сутыкнуліся з такімі праблемамі. І таму ў нас назіраецца не толькі адток моладзі, але і вяртанне многіх назад на прадпрыемства. Усё ж такі чалавек хоча быць упэўненым у заўтрашнім дні, а замежныя наймальнікі нічога не гарантуюць.
Прафкамітэт кантралюе выкананне ўсіх пунктаў калектыўнага дагавора, у тым ліку тыя, што датычацца пытанняў аховы працы, працоўнай дысцыпліны, прадастаўлення ільгот.
У калектыўным дагаворы прадпрыемства адладжана сістэма матэрыяльнага заахвочвання работнікаў прадпрыемства. Гэта выплаты да юбілейных дат, пры нараджэнні дзіцяці, заключэнні шлюбу, да Міжнароднага жаночага дня, Дня маці, пры выхадзе на пенсію і іншыя. Усе гэтыя выплаты ажыццяўляе адміністрацыя прадпрыемства. Прафсаюзны камітэт таксама аказвае матэрыяльную дапамогу у сувязі з юбілеем, пры нараджэнні дзіцяці, пры заключэнні шлюбу, у некаторых іншых выпадках.
У 2012 годзе ПМК-68 актыўна супрацоўнічала з АДА “Ельня-экатур”: шэсць супрацоўнікаў наведалі Адэсу, прафсаюз аплаціў палову ад агульнага кошту гэтых пуцёвак. 24 прадстаўнікі арганізацыі пабывалі на “Славянскім базары”, восем наведалі дэльфінарый у Мінску. Наша арганізацыя прафінансавала поўны кошт такіх паездак. Акрамя гэтага, прафкам ПМК-68 набывае білеты на канцэрты, якія праходзяць у раённым Доме культуры.
Падрыхтавала Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ