“Павуцінне сацыяльных сетак” Пад такой назвай прайшло пасяджэнне дыялогавай пляцоўкі ў Лужкаўскай СШ

Молодежь Общество Патрыятычнае выхаванне

IMG_7061 (Копировать)Тэма выбрана невыпадкова, бо ў цяперашні час маладое пакаленне, дарослыя і нават сталыя людзі карыстаюцца інтэрнэтам, маюць уласныя старонкі на разнастайных сайтах.
На пасяджэнні дыялогавай пляцоўкі ў якасці экспертаў прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярына Міхнёнак, настаўнікі Лужкаўскай СШ Вольга Гамановіч, Таццяна Эйтміновіч і Аляксандр Арэхаў. Мадэратарам мерапрыемства з’яўлялася намеснік дырэктара навучальнай установы па выхаваўчай рабоце Алена Арэхава.
— Сацыяльныя сеткі актыўна ўвайшлі ў наша жыццё і сталі неад’емнай яго часткай, — сказала Алена Генрыхаўна. — На сённяшні дзень яны забіраюць усё больш вольнага часу і асабістай прасторы людзей, асабліва падлеткаў. У гэтым віртуальным свеце кожны знаходзіць для сябе штосьці патрэбнае і непатрэбнае, карыснае і нецікавае.
У сувязі з гэтым узнікае асобная праблема — бяспека. Любая сацыяльная сетка — гэта база, у якую кожны ўносіць свае персанальныя дадзеныя. Пры гэтым шматлікія карыстальнікі размяшчаюць поўную інфармацыю пра сябе. Зламыснікі могуць выкарыстаць такія дадзеныя ў сваіх мэтах. Таму рабіць гэта не рэкамендуецца.
Немалаважным фактарам частага знаходжання ў сацсетках з’яўляецца псіхалагічны бок. Інтэрнэт уздзейнічае на псіхіку чалавека вельмі моцна, выклікаючы тым самым залежнасць. Пра гэта расказала псіхолаг школы Вольга Гамановіч.
Прадоўжыла сваю калегу сацыяльны педагог Таццяна Эйтміновіч. У прыватнасці, Таццяна Ананьеўна папрасіла вучняў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, быць больш асцярожнымі пры знаходжанні ў інтэрнэт-сайтах, не ўступаць у віртуальныя кантакты з незнаёмымі людзьмі, больш выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для таго, каб знайсці для сябе карысную інфармацыю, якая спатрэбіцца для вучобы, у паўсядзённым жыцці.
На працягу некалькіх год у Лужкаўскай СШ працуе асабісты сайт навучальнай установы. Пра яго падрабязна расказаў прысутным настаўнік інфарматыкі Аляксандр Арэхаў. Кожны інтэрнэт-карыстальнік можа трапіць на сайт, дзе размяшчаецца падрабязная інфармацыя аб мінулым і сённяшнім дні школы, аб вучэбным працэсе, аб паўсядзённым жыцці педагагічнага калектыву, вучняў.
У час гутаркі вучні задавалі пытанні экспертам дыялогавай пляцоўкі, атрымлівалі кампетэнтныя адказы на іх, разам прыходзілі да агульных высноў па ўзнятых праблемах.
— Часцей праводзьце свой час на свежым паветры, знайдзіце для сябе цікавы занятак, які будзе прыносіць вам карысць і задавальненне. Хочацца спадзявацца, што пасля нашага мерапрыемства вы будзеце глядзець на віртуальны свет больш рэальна. І зробіце яго бяспечным для сябе, — сказала ў канцы гутаркі Алена Генрыхаўна.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_7041 (Копировать) IMG_7043 (Копировать) IMG_7044 (Копировать) IMG_7049 (Копировать)