Завяршаецца 2012 год, які прынёс шмат перамог і дасягненняў юным спартсменам Шаркаўшчынскага раёна. Удалым ён быў і для выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Пра гэта больш падрабязна расказвае дырэктар ДЮСШ Наталля Арэшкава:
— Пра дасягненні выхаванцаў ДЮСШ рэгулярна паведамлялася ў раённай газеце. У 2011—2012 навучальным годзе нашы спартсмены ўдзельнічалі ў многіх стартах, нярэдка ўваходзілі ў лік прызёраў. Удала распачаўся бягучы навучальны год. 2 верасня 25 выхаванцаў ДЮСШ прынялі ўдзел у адкрытым першынстве па лёгкай атлетыцы Глыбоцкага раёна (турнір прысвечаны Дню беларускай пісьменнасці). Гэта быў першы старт пасля працяглага летняга адпачынку. Тым не менш дзеці прадэманстравалі нядрэнныя вынікі. Уладзіслаў Міхневіч стаў пераможцам у забегу на 1-кіламетровай дыстанцыі. Добра выступілі Кацярына Сташкевіч (кіданне кап’я) і Марына Клімза (штурханне ядра).
Пэўны вопыт дала нашым спартсменам адкрытае першынство па лёгкай атлетыцы г. Полацка, у якім прымалі ўдзел лепшыя спартсмены Віцебскай вобласці, г. Салігорска і г. Вялікія Лукі (Расія).
Выдатнай школай спартыўнага самаўдасканалення сталі раённыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, якія праходзілі 29 верасня і 13 кастрычніка. У іх удзельнічалі выхаванцы ДЮСШ з СШ № 1, СШ № 2, Лужкаўскай, Германавіцкай, Більдзюжскай і Іёдскай сярэдніх школ. Асноўная мэта гэтых стартаў — адбор спартсменаў у зборную раёна для выступлення на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Добра выступілі выхаванцы ДЮСШ на Міжнародных спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе памяці сярэбранага прызёра ХХІІ Алімпійскіх гульняў П. І. Пачынчука. Дыяна Шах выканала нарматыў 2-га дарослага разраду. Выпускнік Шаркаўшчынскай ДЮСШ Арцём Клімза увайшоў у лік прызёраў.
1—2 лістапада ў Віцебску праходзіла першынство вобласці па лёгкай атлетыцы сярод ДЮСШ. Выдатна выступілі Дар’я Буйка, Дзяніс Салавей, Марыя Клімза. Нядрэнныя вынікі паказалі Кірыл Гамановіч, Аляксандр Мацюк, Святлана Жынь, Анастасія Якаўлева, Карына Іванова, Аня Хахлова, Анастасія Сцепаненкава, Мікіта Жук. Прыемна, што для выхаванцаў Шаркаўшчынскай ДЮСШ гэта выступленне стала сапраўдным экзаменам. Юныя спартсмены змагаліся за перамогу з моцнымі сапернікамі.
16—18 лістапада ў Віцебску праходзіла лёгкаатлетычная сустрэча спартсменаў Беларусі, Расіі і Літвы. Падчас названых стартаў Аляксандр Данільчанка выканаў нарматыў 2-га дарослага разраду.
3 лістапада ў Полацку праводзілася адкрытае першынство па таэквандо. І зноў нашы спартсмены ў прызёрах — Павел Туронак стаў другім у вагавай катэгорыі да 68 кг, Аня Ліпская заняла трэцяе месца ў вагавай катэгорыі да 52 кг.
Падчас восеньскіх канікулаў на базе Шаркаўшчынскай СШ № 2 быў арганізаваны лагер “Спартыўная сямейка”. На працягу тыдня тры дзясяткі юных спартсменаў адпачывалі і трэніраваліся пад кіраўніцтвам трэнераў-выкладчыкаў С. І. Вашкеля і П. А. Паўловіча.
Падводзячы вынікі, хочацца назваць лепшых спартсменаў ДЮСШ.
У бегу на дыстанцыях 60—400 метраў першынствавалі Дар’я Буйка, Вікторыя Каленцьева, Валянцін Сямёнаў, Ян Даргель, Кірыл Гамановіч, Кацярына Рымдзёнак, Анастасія Раманоўская, Іван Зенкевіч, Святлана Жынь, Вікторыя Шарубнёва, Карына Іванова, Анастасія Смірнова, Анастасія Якаўлева, Віталій Бохан, Вікторыя Смерцьева, Аляксей Сарай, Яўген Маркевіч, Уладзіслаў Жынь, Таццяна Сыраватка, Алеся Салавей, Маргарыта Сямёнава, Яўген Жойдзік, Марыя Стральчонак, Дар’я Шынкевіч. Лепш за ўсіх на дыстанцыях 600—1500 метраў выступалі Мікіта Падоба, Арцём Глушонак, Арцём Яблонскі, Яна Недзведзь, Анастасія Рымдзёнак, Карына Мядзелец, Аляксандр Мацюк, Васілій Кашэль.
Мацнейшыя ў кіданні мяча, кап’я, дыска і штурханні ядра — гэта Сняжана Шпак, Анастасія Сташкевіч, Любоў Ласкевіч, Дыяна Глушонак, Марк Байкоўскі.
У спартыўнай хадзьбе лепшыя вынікі паказваюць Валянціна Райчонак, Юлія Андзілеўка, Дыяна Шах, Анастасія Сцепаненкава, Анна Хахлова і Юрый Касевіч. Лідары ў скачках у даўжыню — Вікторыя Смерцьева, Яна Недзведзь, Вераніка Туронак, Яўген Абрамчык, Яўген Маркевіч.
Увогуле, хачу нагадаць, што лёгкая атлетыка лічыцца каралевай спорту. У гэтым відзе даволі вялікая канкурэнцыя і вельмі моцныя сапернікі. Прыемна бачыць, што юныя шаркаўшчынскія спартсмены годна выступаюць на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Дзеці разумеюць, што трэба шмат трэніравацца, каб чагосьці дасягнуць у спорце. Будзем спадзявацца, што і наступны год прынясе нам новыя адкрыцці і выдатныя вынікі.



