У апошнюю нядзелю тыдня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень моладзі. З гэтай нагоды 27 чэрвеня ў парку ААТ “Агратэхсэрвіс” прайшло свята “Маладзёжны фэст”.
Работнікі ўстаноў культуры і ўдзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці дарылі сваё песеннае мастацтва прысутным гледачам. Працавалі шматлікія тэматычныя пляцоўкі, дзе любы жадаючы мог прыняць удзел у інтэлектуальнай віктарыне, арганізаванай ўдзельнікамі клуба “Белы сыч”, згуляць у шашкі, дартс. Маленькія дзеці з радасцю і ахвотай весяліліся з клоунамі, каталіся на каруселях. Да таго ж яшчэ працавалі фотазоны. Нямала было жадаючых сфатаграфавацца з жывымі скульптурамі, у якіх пераўвасобіліся работнікі культуры. Смачна падсілкавацца можна было ў гандлёвай палатцы Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. А набыць памятныя сувеніры шаркаўчанам прапанавалі супрацоўнікі раённага цэнтра рамёстваў і раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Песні, музыка і танцы ў той дзень прадаўжаліся да позняга вечара. Усе, хто выступаў на сцэне, у якасці падарунка атрымалі салодкія пачастункі ад першага сакратара райкама БРСМ Веранікі Кавалеўскай.
Свята атрымалася цікавым, вясёлым і змястоўным. Шкада толькі, што жыхары гарадскога пасёлка ў малой колькасці прыйшлі ў нядзелю ў парк адпачынку. Некаторыя спужаліся дожджу, якія прайшоў у той дзень раніцай, іншыя проста не захацелі раздзяліць радасць свята са сваімі сябрамі. Між іншым, тыя, хто трапіў на “Маладзёжны фэст”, не пашкадавалі, атрымаўшы зарад бадзёрасці і вясёлы настрой.
Сяргей РАЙЧОНАК.





























