

У кожнага дзіцяці ёсць пэўны талент і яго абавязкова неабходна развіваць. Такой думкі прытрымліваюцца многія педагогі, у іх ліку супрацоўнікі Шаркаўшчынскага цэнтра дзяцей і моладзі і аддзела адукацыі райвыканкама. Менавіта гэтыя ўстановы сталі ініцыятарамі правядзення раённага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет”, які адбыўся гэтай восенню на базе Шаркаўшчынскай СШ № 2 і аб’яднаў самых творчых, артыстычных і таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з 18 школ раёна.
Пра асаблівасці правядзення гэтага цікавага мерапрыемства паведаміла культарганізатар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Мікалаеўна Калесніковіч:
— Конкурс дзіцячай творчасці распачаўся дыялогам абаяльных вядучых — Маргарыты Мядзюха і Дыяны Юркевіч. Пад чароўныя гукі гітары ў выкананні Ангеліны Тарбецкай для ўсіх прысутных прагучала песня пра Беларусь, і пачалася творчая “барацьба” юных удзельнікаў, якія выступалі ў 6 намінацыях: тэатральная, вакальная, харэаграфічная, дэкаратыўна-прыкладная і выяўленчая творчасць, тэатры мод.
У намінацыі “Тэатральная творчасць” паспрабаваць свае сілы вырашылі 29 удзельнікаў (чытальнікі і вядучыя). У рамках названай намінацыі конкурс чытальнікаў быў прысвечаны Году кнігі. Юныя дэкламатары паэзіі падыйшлі да конкурсу творча: чыталі вершы пад музыку, выкарыстоўвалі відэаслайды, прадстаўлялі на суд журы вершы рускіх і беларускіх класікаў, аўтарскія творы, прозу. Паліна Жук (Станіславоўская БШ) выйшла на сцэну ў вобразе пятрушкі, Анастасія Дубоўская (СШ № 1) — у вобразе беларусачкі. Святлана Клімза з гэтай школы прадэманстравала на аснове сваіх твораў цэлы спектакль. Бурныя авацыі за артыстызм атрымаў Цімур Гагохія (Каўшэлеўская БШ). Пераможцамі ў дадзенай намінацыі сталі Цімур Гагохія (Каўшэлеўская БШ), Юлія Абрамчык (Більдзюжская СШ), Святлана Клімза, Анастасія Дубоўская (СШ № 1), Дыяна Паперадзень (Велікасельская СШ-сад). Сярод вядучых лепшымі прызнаны Наталля Арлоўская, Уладзіслаў Бондар, Кірыл Яблонскі (Германавіцкая СШ), Надзея Булкіна, Уладзіслаў Хахель (СШ № 1).
Не менш цікавай стала і намінацыя “Вакальная творчасць”. Шмат цудоўных сучасных песень пра родную Беларусь, пра дружбу і прыроду падарылі ўсім прысутным у зале ўдзельнікі гэтай намінацыі. Але конкурс ёсць конкурс, і пераможцамі ў ім сталі Дар’я Сідарава, Марына Алексяёнак (Іёдская СШ-сад), Валерыя Хадасеева (Лужкаўская СШ), Мікіта Пундзіс (Радзюкоўская БШ), Валянціна Ісаковіч (СШ № 2). Юны вакаліст Вадзім Мацяс з Велікасельскай СШ-сада адзначаны граматай за ўдзел.
У намінацыі “Тэатры мод” ярка і маляўніча прадставіў свае калекцыі народны калектыў аматарскага аб’яднання авангарднай моды “Гармонія” Германавіцкай СШ. Ён таксама адзначаны граматай за ўдзел.
У намінацыі “Харэаграфічная творчасць” старанна вывадзілі танцавальныя па юныя танцоры з Іёдскай СШ-сада, Аня Мадэліус з цэнтра дзяцей і моладзі. Танцавальны калектыў Іёдскай СШ-сада ўзнагароджаны граматай за ўдзел.
У намінацыі “Выяўленчая і дэкаратыўна-прыкладная творчасць” было прадстаўлена 15 работ разнастайнай тэматыкі і тэхнікі выканання. Пераможцамі сталі Данііл Бабоўскі (СШ № 1), Галіна Грыцкевіч, Елізавета Сямчонак, Анастасія Сайкоўская (Шкунцікаўская БШ).
За якасную падрыхтоўку праграмы “Прывітанне, свет!”, высокі ўзровень выканаўчага майстэрства, артыстызм і музычнасць Шаркаўшчынская СШ № 1 адзначана граматай.
Наперадзе — падрыхтоўка да занальнага этапа рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”, які адбудзецца ў студзені ў Полацку. Яго ўдзельнікамі стануць лепшыя маленькія артысты і творцы.
Падрыхтавала Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
