Новыя перамогі шаркаўшчынскіх таэквандыстаў на Кубку на прызы пасла Карэі ў Рэспубліцы Беларусь

Спорт

на залатой прыступцы п'едэстала шаркаўчанін Аляксей Іваноў

У алімпійскім спартыўным комплексе «Стайкі» 14-16 снежня прайшоў Кубак на прызы пасла Карэі ў Рэспубліцы Беларусь па таэквандо. У спаборніцтвах удзельнічала двое шаркаўчан. І ў іх трэнера Ігара Іванова зараз зноў з’явілася прычына апрануцца ў ружовую кашулю, колер якой сімвалізуе заваёву яго выхаванцамі першага месца на такім прэстыжным турніры. Ён і паведаміў нам пра вынікі турніру і яшчэ адну радасную навіну.

У першы дзень спаборніцтваў прызавое месца на турніры заваявала майстар спорту міжнароднага класа Жанна Шошына. Трэба сказаць, што Жанна вырашыла перайсці ў больш цяжкую вагавую катэгорыю, памяняўшы свае 53 кг на 57. У Беларусі роўных Шошынай ў гэтай вагавай катэгорыі няма. Гэта шаркаўчанка яшчэ раз даказала, выйграўшы чвэрцьфінальны паядынак у асноўнай сваёй беларускай канкурэнткі. Але на Кубку ўдзельнічалі не толькі нашы суайчыннікі, але і спартсмены іншых краін. І ў паўфінале Жанне давялося змагацца з харваткай, якая ў адрозненне ад Жанны спецыяльна зганяла вагу, каб выступаць у больш лёгкай вагавай катэгорыі. На жаль, у барацьбе з фізічна больш магутнай суперніцай Жанна саступіла і заняла 3-ю прыступку п’едэстала.

А вось другі дзень турніру дадаў у нашу скарбонку залаты медаль. Здабыў яго майстар спорту міжнароднага класа Аляксей Іваноў. Усе свае паядынкі ён выйграў датэрмінова з сухім лікам. З імем Аляксея у нас звязана і яшчэ адна прыемная навіна. Ён увайшоў у пастаянны састаў нацыянальнай зборнай Беларусі па таэквандо, стаўшы першым нумарам у вагавой катэгорыі 80-87 кг. Міністэрства спорту заключыла з ім кантракт на 2013 год, і цяпер на ўсіх афіцыйных еўрапейскіх і сусветных спаборніцтвах Аляксей будзе абараняць спартыўны гонар Беларусі.

Мы, вядома, рады за Аляксея і ганарымся яго дасягненнямі! У той жа час дадзеная місія накладвае і вялікую адказнасць за годнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне.

У новым годзе хочацца пажадаць Аляксею і Жанне новых перамог над самымі моцнымі спартсменамі Еўропы і Свету!

Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *