Самыя вялікія плошчы ў раёне трэба ўбраць ААТ «Агратэхсэрвіс»

Сельское хозяйство

камбайнеры Віктар Баранчукоў і Іван Сямёнаў
камбайнеры Віктар Баранчукоў і Іван Сямёнаў

У ААТ “Агратэхсэрвіс” сёлета трэба ўбраць 2805 гектараў зерневых і зернебабовых культур. Гэта лічба самая вялікая сярод іншых гаспадарак раёна. На 3 жніўня тут абмалочана 1527 гектараў, адпраўлена ў дзяржаўныя засекі 2856 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 18,7 цэнтнера з гектара.
Каб своечасова ўбраць вырашчаны на палетках ураджай, задзейнічана 7 адзінак камбайнаў КЗС-1218. І хоць большасць з іх працуе ўжо 12-13 сезонаў, камбайнеры падтрымліваюць тэхніку ў належным стане.
У сярэдзіне мінулага тыдня калона з камбайнаў і грузавых аўтамабіляў рухалася ў напрамку вёскі Крапіўнікі. Як толькі тэхніка прыехала на пшанічнае поле, пайшоў дождж, які стаў перашкодай для ўборкі зерневых. Камбайнёры вымушаны былі заглушыць тэхніку і чакаць пагоды.
— Шкада, што атрымаўся вымушаны прастой, — кажа камбайнер Іван Сямёнаў. — Усе мы зацікаўлены ў хутчэйшым завяршэнні жніва, каб страт зерня было як мага меней. Спадзяёмся, што дождж хутка закончыцца, калоссе прасушыць ветрык і мы дружна рушым убіраць збажыну.
Камбайнеры не марнавалі дарэмна час, пакуль ішоў дождж. Хтосьці правяраў спраўнасць вузлоў і механізмаў, іншыя чысцілі жаткі і матавілы ад саломы і травы.
Сяргей РАЙЧОНАК.