Кожны з нас ведае, чым адметны 2012 год для беларускай літаратуры і Беларусі ўвогуле. Менавіта ў гэтым годзе мы святкавалі 130-годдзе з дня нараджэння самых знакамітых пісьменнікаў нашай Радзімы — Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэтыя людзі падымалі прэстыж беларускай мовы. Кожнае яе слова яны любілі і песцілі, як добрыя бацькі любяць сваё дзіцятка. Але ў той жа час пісьменнікі загартоўвалі моц нашай мовы, шліфавалі яе да аксамітнага бляску, надавалі сотні адценняў, знаходзілі з самых нетраў паўзабытыя словы. Яны неслі ў народ беларускую мову, чыстую, яскравую, мілагучную. Іх творы чыталі і чытаюць зараз і дзеці, і дарослыя. І наўрад ці знойдуцца іншыя людзі, якія зробяць больш для роднай мовы і літаратуры, для Беларусі. Менавіта таму і святкуецца гэта дата па ўсёй краіне.
Быў адзначаны гэты юбілей і ў нашай школе ў рамках тыдня беларускай мовы і літаратуры, што прайшоў з 26 лістапада па 1 снежня. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Наталля Віктараўна Вершаловіч і Надзея Уладзіміраўна Радзевіч падрыхтавалі мерапрыемствы для кожнага класа. Вучням восьмага класа была прапанавана гульня “Слабае звяно”, вучні адзінаццатага класа паспрабавалі свае сілы ў КВІЗе “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, а шасцікласнікі паўдзельнічалі ў конкурсе “Фэст”. Конкурс на лепшага апавядальніка прайшоў у 7 класе, а для пяцікласнікаў была падрыхтавана віктарына “Ад прадзедаў спакон вякоў..”
Завяршыла тыдзень беларускай мовы літаратурна-музычная кампазіцыя “Песняры Беларусі”. У рамках гэтага мерапрыемства вучням нашай школы былі паказаны біяграфічныя прэзентацыі аб жыцці паэтаў, праслухоўваліся песні на іх вершы, а вучні 7 класа, што ўдзельнічаюць у гуртку выразнага чытання, пад кіраўніцтвам Надзеі Радзевіч, прачыталі самыя знакамітыя з купалаўскіх і коласаўскіх вершаў.
Нельга не адзначыць спектакль “Паўлінка”, які быў пастаўлены драмгуртком “Купалінка”, пад кіраўніцтвам Наталлі Вершаловіч. Творчы калектыў гуртка (вучні 8—9 класаў) змог перадаць на сцэне не толькі каларыт мовы купалаўскіх герояў, але і той быт, нацыянальнае адзенне, традыцыі беларусаў 19 стагоддзя.
Паўлінка з Лужкоў — Алена Ерахновіч, прыгажуня, таленавітая дзяўчына, якая вельмі кахае простага хлопца Якіма. Роль Якіма цудоўна сыграў Андрэй Краснадубскі, у доўгай белай нацыянальнай кашулі ён нібы з сапраўдным пачуццём прызнаваўся ў каханні Паўлінцы. Сцяпан Пратасавіцкі (Ілья Грыдзюшка) сур’ёзна выхоўваў сваю дачку Паўлінку, і забараняў кахаць простага хлопца Якіма. Цікавае “вось-цо-да” Пранціся (Мікіты Калесніковіча) і забаўнае “тудэма-сюдэма” Агаты (Дзіаны Сідаровіч) весяліла публіку на працягу ўсяго спектакля. Артысты арганізавалі “сапраўдную сустрэчу” з коласаўскімі героямі п’есы “Паўлінка”.
Імёны Купалы і Коласа назаўсёды ўпісаліся ў гісторыю Беларусі, і нельга сказаць, што творы і іх героі старамодныя або незразумелыя сучаснай моладзі. Кожны верш, кожны твор актуальны і зараз, бо пісьменнікі закраналі вечныя тэмы — тэму Радзімы, мастацтва, кахання, чалавека і грамадства, роднай мовы…
Будуць жыць святыя імёны Якуба Коласа і Янкі Купалы, пакуль будуць жыць беларусы!
Кацярына ГРЫДЗЮШКА,
вучаніца 10 класа Лужкаўскай СШ.

