Ужо на працягу некалькіх гадоў першымі спаборніцтвамі для юных спартсменаў з усіх школ раёна становіцца лёгкаатлетычнае чатырохбор’е “Шкаліяда”. Пра асаблівасце яе правядзення і пераможцаў нам расказаў дырэктар Шаркаўшчынскай ДЮСШ Аляксей КУРАЧОНАК.
– Сёлета спаборніцтвы былі прысвечаны Году народнага адзінства, а таксама ў іх былі ўнесены некаторыя змены. Па-першае, да ўзроставай групы 5-6 класаў (2009 года нараджэння і маладзей), сярод спартсменаў якой праводзіўся адбор на вобласць, была дабаўлена група 7-8 класаў (2007-2008 гадоў нараджэння). Зроблена гэта было для таго, каб старэйшыя юнакі і дзяўчаты паспрабавалі свае сілы ў гэтай дысцыпліне і атрымалі дадатковы спаборніцкі вопыт. Па-другое, да арганізацыяй і правядзення спаборніцтваў, якім раней займаўся аддзел па адукацыі райвыканкама, сёлета далучылася Шаркаўшчынская ДЮСШ. Лічу, што гэтым дзвюм структурам вельмі важна наладзіць узаемадзеянне ў справе арганізацыі актыўнага адпачынку дзяцей шляхам правядзення спартыўных мерапрыемстваў. На нас ускладзена вялікая адказнасць за фізічнае здароўе школьнікаў, папулярызацыю сярод моладзі фізічнай культуры і спорту.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел 56 спартсменаў са школ Шаркаўшчыны і раёна. Неспрыяльныя ўмовы надвор’я ўнеслі свае карэктывы – зменшылі колькасць удзельнікаў і перашкодзілі спартсменам прадэманстраваць максімальны вынік. Але тыя, хто ўсё ж такі не напалохаўся суровага надвор’я, атрымалі вялізны зарад бадзёрасці, многа пазітыўных эмоцый і карысную для здароўя загартоўку.
У праграму чатырохбор’я ўваходзілі такія дысцыпліны як спрынтарскі бег (60 м), бег на сярэднюю дыстанцыю (500-800 метраў), скачок у даўжыню з разбегу і кіданне мяча. Многія з удзельнікаў занялі прызавыя месцы і былі ўзнагароджаны граматамі ў асобных дысцыплінах, але пераможцы спаборніцтваў вызначаліся па агульнай суме балаў, набранай у выніку ўсіх выступленняў.
Ва ўзроставай групе 2007-2008 гадоў нараджэння сярод васьмі ўдзельнікаў трэцяе месца, набраўшы 157 балаў, заняў Іван Кузняцоў (настаўнік фізічнай культуры Уладзімір Рымдзёнак, Більльдзюжская СШ), другім з 175 баламі стаў Мікіта Шлепікаў (настаўнік фізічнай культуры Аляксей Макаранка, Шаркаўшчынская СШ №1), першае месца ў Рамана Врублеўскага (настаўнік фізічнай культуры Васілій Мядзелец, Лужкаўская СШ), які набраў 190 балаў. У дзяўчат сярод 9 спартсменак трэцяй стала Эвеліна Стральчонак (настаўнік фізічнай культуры Уладзімір Рымдзёнак, Більдзюжская СШ). Усяго адзін бал аддзяліў яе ад другога месца, якое, набраўшы 103 балы, заняла Ксенія Бягун (настаўнік фізічнай культуры Васілій Мядзелец, Лужкаўская СШ). Перамогу з агульнай сумай балаў 114 заваявала Любоў Кукуць (трэнер Пётр Рубніковіч, Германавіцкая ДС-СШ).
Ва ўзроставай групе 2009 года нараджэння і маладзей канкурэнцыя была большай, у спаборніцтвах удзельнічала 17 хлопцаў. Трэцім стаў Андрэй Ігнатовіч (настаўнік фізічнай культуры Аляксей Макаранка, Шаркаўшчынская СШ №1), які набраў 101 бал, другім – Ягор Райчонак (трэнер Юрый Жынгель, Шаркаўшчынская СШ №2, 116 балаў), першым – Дзмітрый Красоўскі (трэнер Пётр Рубніковіч, Германавіцкая ДС-СШ, 120 балаў). Сярод 22 дзяўчат трэцяе месца заняла Марыя Паўлючэня (настаўнік фізічнай культуры Аляксандр Лагунёнак, Іёдская ДС-СШ, 106 балаў), другое – Лізавета Смірнова (настаўнік фізічнай культуры Леанід Закрэўскі, Велікасельская ДС-СШ, 119 балаў), першае – Надзея Абрамчык (трэнер Пётр Рубніковіч, Германавіцкая ДС-СШ, 136 балаў).
Для ўсіх удзельнікаў чатырохбор’е стала цудоўнай магчымасцю праверыць свае сілы, адчуць азарт спартыўных спаборніцтваў, якія адбываюцца ў рэальнасці, а не ў віртуальным свеце камп’ютарных гульняў і сацыяльных сетак.
Андрэй БУРЭЦ.


