
Завяршыўся абласны этап рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў. Удзел у ім прымала і каманда вучняў нашага раёна ў складзе 15 чалавек. Шаркаўшчынскі край прадстаўлялі вучні з СШ № 1 і СШ № 2 райцэнтра, Германавіцкай, Лужкаўскай, Зоркаўскай сярэдніх школ і Іёдскай сярэдняй школы-сада, якія прадэманстравалі свае веды на раённых алімпіядах і паказалі ў іх лепшыя вынікі. На вобласці яны трымалі іспыты па сямі прадметах школьнай праграмы. У выніку шаркаўчане атрымалі тры дыпломы трэцяй ступені.
Трэцяе месца ў выпрабаваннях па беларускай мове заняла вучаніца 10 класа Лужкаўскай сярэдняй школы Кацярына Грыдзюшка. Такі ж вынік па матэматыцы ў дзевяцікласніцы гэтай жа школы Яны Салькевіч. Дыпломам трэцяй ступені адзначаны вучань адзінаццатага класа СШ № 1 Яўген Гарбузаў — па рускай мове. Дапамаглі ім дасягнуць такіх вынікаў настаўнікі Надзея Уладзіміраўна Радзевіч, Вячаслаў Альфрэдавіч Ластаўка і Рамуальда Антонаўна Бацвінёнак.
Пажадаем жа нашым вучням і ў далейшым толькі выдатнай вучобы, дасягнення высокіх вынікаў на алімпіядах, конкурсах і іншых іспытах! Так трымаць!
Сяргей РАЙЧОНАК
**************
Яна Салькевіч вучыцца ў 9 класе Лужкаўскай СШ. Дзяўчына дэманструе выдатныя вынікі ў вучобе. Асабліва Яне падабаецца матэматыка. Пад кіраўніцтвам настаўніка матэматыкі Вячаслава Альфрэдавіча Ластаўкі Яна ў 2011—2012 навучальным годзе стала пераможцай раённай алімпіяды па матэматыцы. Дзяўчына ўдзельнічала і ў абласной алімпіядзе — атрымала дыплом 3-й ступені. Сёлета Яна зноў паўтарыла мінулагодняе дасягненне: у раёне — першая, у вобласці — дыплом 3-й ступені.
Па словах Вячаслава Альфрэдавіча, аднаго з самых вопытных настаўнікаў Лужкаўскай СШ з 32-гадовым педагагічным стажам, Яна Салькевіч мае нядрэнныя перспектывы:
— Яна — адна з самых таленавітых маіх вучаніц. Дзяўчына любіць і ведае матэматыку, акрамя таго дэманструе нядрэнныя вынікі ў вывучэнні іншых прадметаў. Сярэдні бал паспяховасці ў Яны складае 9,9 — гэта лічба гаворыць сама за сябе.
Такім чынам, хочацца пажадаць Яне Салькевіч поспехаў у далейшай вучобе, не здаваць заваяваных пазіцый у матэматыцы і рухацца наперад. Трывалыя веды, закладзеныя ў школе, спатрэбяцца пры паступленні ў ВНУ і падчас далейшай вучобы.
Аляксандр БАРЫЛА
