У Шаркаўшчынскай ПМК-68 узнагародзілі лепшых работнікаў

Общество

У другую нядзелю жніўня ў нашай краіне адзначаўся Дзень будаўніка. Будаўнічая галіна Шаркаўшчынскага раёна прадстаўлена перасоўнай механізаванай калонай № 68. Напярэдадні прафесійнага свята, 12 жніўня, у актавай зале ПМК-68 прайшоў урачысты сход, на якім падвялі прамежкавыя працоўныя вынікі, акрэслілі планы на бліжэйшы перыяд, а таксама адзначылі перадавікоў вытворчасці.
— Паважаныя калегі, дарагія сябры, віншую вас з прафесійным святам — Днём будаўніка! Няхай узведзеныя вамі пабудовы будуць надзейнымі і моцнымі, а жыццё ваша напаўняецца дабрынёй, радасцю і шчасцем, — сказаў у час свайго выступлення дырэктар арганізацыі Васілій Зубовіч. — Жадаю ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства, атрымліваць задавальненне ад сваёй работы.
За добрасумленныя адносіны да работы, узорнае выкананне службовых абавязкаў, актыўны ўдзел у жыцці працоўнага калектыву і ў сувязі са святкаваннем Дня будаўніка Васілій Канстанцінавіч адзначыў узнагародамі і грашовымі прэміямі некаторых работнікаў.
Ганаровую грамату дзяржаўнага аб’яднання “Віцебскае ўпраўленне будаўніцтвам” атрымаў цясляр 4-га разраду Дзмітрый Дзямідаў. Ганаровай граматай Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджаны муляр 4-га разраду Юрый Місюра. Ганаровыя граматы КУБП “Шаркаўшчынская ПМК-68” уручаны вадзіцелям Мікалаю Зарэка і Уладзіміру Багданаву. Аб’яўлена Падзяка дырэктара КУБП “Шаркаўшчынская ПМК-68” электрагазазваршчыку Аркадзію Кацюха, вартаўніку Вользе Лонскай, машыністу аўтакрана Сяргею Марозу. Па выніках працы за год на Дошку гонару КУБП “Шаркаўшчынская ПМК-68” занесены інжынер па арганізацыі і нарміраванні працы Анастасія Жукава, вытворца работ Аляксандр Лук’янёнак і трактарыст-машыніст Алег Кукуць.
Сяргей РАЙЧОНАК.