Свята Уваскрашэння Хрыста ў Лужках

Актуальное

удзельнікі святочнага мерапрыемства разам з айцом Пятром і айцом Генадзіем

“Хрыстос Уваскрос!”, — кажуць праваслаўныя пры сустрэчы і чуюць у адказ: “Сапраўды Уваскрос!”. Так на працягу сямі тыдняў ад свята Вялікадня да Святой Троіцы вітаюцца вернікі, услаўляючы Сына Божага, услаўляючы перамогу жыцця над смерцю.

Такімі ж словамі вітаў усіх, хто сабраўся ў зале Лужкаўскага СДК дабрачынны Шаркаўшчынскіх цэркваў, протаіерэй, настаяцель храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Лужкі Пётр Бараноўскі. Ён жа з’яўляецца галоўным арганізатарам і духоўным натхняльнікам правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных святу Хрыстова Уваскрэшання з удзелам вучняў нядзельных і агульнаадукацыйных школ.

Пасля прывітальнага слова свяшчэнніка мерапрыемства распачалі царкоўнымі песнапеннямі выкладчык і Лужкаўскай дзіцячай школы мастацтваў і работнікі мясцовага Дома культуры. Затым вучні сярэдняй школы ажыццявілі пастаноўку казкі “Чырвоная Шапачка”, перакладзеную на рэлігійны лад. Дзеючымі асобамі тут былі Воўк, Нязнайка, Карлсан і Прынцэса. Усіх іх галоўная гераіня спектакля заклікала накіраваць святло душы і цеплыню сэрцаў да Бога, пакінуць у баку спрэчкі і нязгоды. Так усе яны, казачныя героі, аб’яднаўшыся, разам рушылі адной дарогай да храма, каб уславіць уваскрэсшага Божага Сына.

У той дзень з песнямі і танцамі завіталі на свята ў Лужкі ўдзельніцы тэатра эстраднай песні “Маленькая фея” РДК. Іх выступленне аздобіла мерапрыемства, якое пакінула шмат добрых уражанняў у кожнага гледача. А маленькіх артыстаў чакаў прыемны сюрпрыз — стол з салодкімі пачастункамі і смачнай гарбатай ад айца Пятра і прыхаджан мясцовай царквы.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *