30 лістапада горад Верхнядзвінск гасцінна сустракаў удзельнікаў “метадычнага дня”, на якім прадставілі вынікі абласнога праекта “Бібліяаўтаклубны дэсант”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел усе раёны Віцебшчыны, у тым ліку і работнікі культуры нашага гарадскога пасёлка.
Даведачна. Абласны праект па арганізацыі форм работы нестацыянарнага абслугоўвання сельскага насельніцтва ўстаноў культуры клубнага тыпу і бібліятэк “Бібліяаўтаклубны дэсант” праходзіў на працягу 2022 года, быў прысвечаны Году гістарычнай памяці і Дню народнага адзінства.
У фае Верхнядзвінскага Цэнтра культуры размясціліся кніжныя выставы з фотаздымкамі, інфармацыйнымі даведнікамі, справаздачамі аб праведзенай рабоце калектываў супрацоўнікаў бібліобусаў. Сярод іх дэманстравалася выстава супрацоўнікаў Шаркаўшчынскай раённай бібліятэкі, якую спецыялістам упраўлення культуры аблвыканкама, абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, калегам з іншых рэгіёнаў і усім прысутным прэзентавалі да прагляду бібліятэкары Марына Сушко і Наталля Сырцова.
Бібліобус пачаў сваю работу пры раённай бібліятэцы восенню 2006 года. У той час бібліятэкары абслугоўвалі насельніцтва шасці аддаленых вёсак раёна. З цягам часу іх колькасць павялічвалася, цяпер у маршруце бібліобуса — 45 сельскіх населеных пунктаў. Кніжны фонд перасоўнай бібліятэкі ўкамплектаваны мастацкай літаратурай для дарослых, для дзяцей і моладзі. Маюцца таксама перыядычныя выданні, вучэбная і галіновая літаратура.
У межах абласнога праекта “Бібліяаўтаклубны дэсант” бібліятэкары распрацавалі і дэманстравалі сельскім жыхарам электронныя прэзентацыі, прысвечаныя дзяржаўным і памятным датам, святам народнага календара, краязнаўчай тэматыцы і іншае. Дарэчы, большасць супрацоўнікаў бібліобусаў з іншых раёнаў падчас выездаў ажыццяўляюць выдачу і абмен літаратуры ў вызначаным месце населенага пункта. Шаркаўчане для таго, каб заахвоціць вяскоўцаў да чытання, у сваёй рабоце заўсёды выкарыстоўваюць яшчэ і падворны абход дамоў жыхароў вёсак, тым самым павялічваючы колькасць чытачоў.
У другой частцы мерапрыемства яго арганізатары правялі метадычную нараду. Загадчыкі аддзелаў і сектараў па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва раённых цэнтраў культуры, работнікі раённых бібліятэк разам абмяркоўвалі тэмы павышэння якасці мерапрыемстваў, якія праводзяцца праводзімых для розных катэгорый насельніцтва сельскай мясцовасці, пашырэння форм і метадаў работы. Сваімі напрацоўкамі ў гэтым кірунку дзяліліся кіраўнікі ўстаноў культуры, работа якіх ацэньваецца са станоўчага боку, сярод іх і Шаркаўшчынскі РЦК.
Намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Ірына Хаданёнак расказала аб рабоце сектара па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва. Першапачаткова ён быў створаны ў снежні 2006 года і меў найменне “аўтаклуб”. У ліпені мінулага года аўтаклуб рэарганізаваны ў сектар па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва.
У яго зону абслугоўвання ўваходзяць 208 населеных пунктаў з агульнай колькасцю насельніцтва больш за 5000 чалавек. На базе сектара працуць два гурткі — аматарскае аб’яднанне “Душэўная ўтульнасць” і аматарскае фотааб’яднанне “Погляд”. За 10 месяцаў бягучага года праведзена 83 мерапрыемствы, з якіх 81 — для сельскіх жыхароў. Гэта міні-канцэрты, тэатралізаваныя дзеі, акцыі, святы вёсак, мітынгі, аўтапрабегі і іншыя формы работы ў межах праекта “Бібліяаўтаклубны дэсант”.
Галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Зоя Гукава са станоўчага боку ахарактарызавала сумесную работу нестацыянарных устаноў культуры нашага раёна. Дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука падкрэсліла, што дадзены праект накіраваны на сумесную прадукцыйную работу спецыялістаў аўтаклубаў і бібліобусаў. Цяпер, калі колькасць бібліятэк і клубаў у сельскай мясцовасці скарачаецца, менавіта нестацыянарныя ўстановы (бібліобусы і аўтаклубы) павінны ўзяць на сябе функцыі культурнага абслугоўвання сельскага насельніцтва.
У заключнай частцы мерапрыемства яго ўдзельнікі раз’ехаліся па вызначаных маршрутах для правядзення канцэртных праграм у сельскіх клубах Верхнядзвінскага раёна. Шаркаўчане дарылі сваё песеннае мастацтва жыхарам аграгарадка Антонава. На канцэрт, які працягваўся больш за гадзіну, у глядзельную залу мясцовага СДК сабраліся дзясяткі вяскоўцаў, каб паслухаць шаркаўшчынскіх артыстаў, адпачыць душой, напрыканцы працоўнага для ўзняць сабе настрой.
Сяргей РАЙЧОНАК.

















