Віншаванні і ўзнагароды лепшым сацыяльным работнікам

Общество

Сацыяльныя работнікі Наталля Туронак і Наталля Рамашка

У аснове прафесіі работнікаў сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва знаходзіцца клопат пра пажылых і адзінокіх жыхароў нашага раёна, а таксама ўсіх, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

5 снежня, у дзень прафесійнага свята, у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва яго калектыў шчыра павіншаваў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Васілеўскі. Ён адзначыў, што роля сацыяльнай службы з кожным годам толькі ўзрастае, бо павялічваецца колькасць пажылых людзей на тэрыторыі раёна. Пры гэтым менавіта сацыяльныя работнікі для многіх неабароненых катэгорый грамадзян сталі найлепшымі памочнікамі, замянілі сваёй дапамогай, падтрымкай і ўважлівымі адносінамі клопат родных людзей. Цяжка пераацаніць значнасць гэтай прафесіі ў нашым грамадстве і, напэўна, невыпадкова, што менавіта прадстаўнікі сферы сацыяльнай абароны кожны год аднымі з першых адзначаюць сваё прафесійнае свята.

За адданасць прафесіі, імкненне дапамагаць людзям Юрый Анатольевіч падзякаваў сацыяльным работнікам і ўручыў некаторым з іх заслужаныя ўзнагароды.

Падзякамі старшыні раённага выканаўчага камітэта адзначана добрасумленная праца сацыяльных работнікаў аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Наталлі Туронак і Наталлі Рамашка.

— Няхай ваша высакародная праца заўсёды прыносіць задавальненне і заслужаную павагу тых, пра каго вы клапоціцеся штодзень, каму дорыце душэўную цеплыню, — сказаў Юрый Анатольевіч. — У гэты святочны дзень жадаю вам вялікага шчасця, прафесійных поспехаў, жыццёвай энергіі і бязмежнай любові!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.