Нямала ў гісторыі нашай краіны ёсць славутых людзей, якія сваёй працай, сваім адданым служэннем беларускаму народу праславілі край. Сваё пачэснае месца сярод іх займае першы сакратар Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларускай ССР (1965—1980) , Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы Пётр Міронавіч Машэраў. Увесь жыццёвы і працоўны шлях гэтага чалавека быў прысвечаны роднай Беларусі.
Гады станаўлення
Нарадзіўся Пётр Міронавіч Машэраў 13 лютага 1918 года ў вёсцы Шыркі Сенненскага павета Заходняй вобласці РСФСР (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці). Ён закончыў Машканскую «сямігодку». Паспяховасць у вучня была добрая па ўсіх прадметах, але перавагу аддаваў усё ж дакладным навукам. Вучыўся на рабфаку, а потым на фізіка-матэматычным факультэце Віцебскага педінстытута. Па размеркаванні настаўнічаў у школах Расонскага раёна.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Пётр Машэраў змог стварыць і ўзначаліць падпольную камсамольскую арганізацыю Расоншчыны. З’яўляўся камандзірам партызанскага атрада імя Н. А. Шчорса, камісарам партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага, першым сакратаром Вілейскага падпольнага абкама ЛКСМБ. Пётр Машэраў прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы і правядзенні баявых аперацый у Віцебскай і Калінінскай абласцях, у Латвійскай ССР, на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна. Двойчы быў паранены.
Жыццё дзеля роднай краіны
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пётр Машэраў займаў шэраг адказных дзяржаўных пасад на камсамольскай і партыйнай рабоце. Прайшоў ступені кар’ернай лесвіцы ад першага сакратара Маладзечанскага абкама ЛКСМБ да першага сакратара Цэнтральнага Камітэта Кампартыі БССР. На гэту пасаду ён быў назначаны ў 1965 годзе, пасля таго як яго папярэднік Кірыл Мазураў атрымаў павышэнне.
Ніхто ні да, ні пасля Машэрава так доўга не ўзначальваў Кампартыю БССР — пятнаццаць з паловай гадоў. Гісторыкі адзначаюць, што ў перыяд яго дзейнасці Беларусь дасягнула значных поспехаў у развіцці эканомікі, навукі і культуры, стала адной з самых высокаразвітых рэспублік былога СССР. У перыяд з 1965 па 1980 гады ў некалькі разоў вырас нацыянальны даход, адбывалася актыўнае развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
Да прыкладу, у гэты час былі пабудаваны шэраг прадпрыемстваў, у тым ліку Гродзенскі хімічны камбінат «Азот», Гомельскі хімічны хавод, Бярозаўская ДРЭС. У Мінску пачалося будаўніцтва метрапалітэна. З імем Машэрава звязана стварэнне мемарыяльных комплексаў «Брэсцкая крэпасць-герой», «Хатынь», «Прарыў», адкрыццё Кургана Славы.
Пётр Міронавіч Машэраў няўхільна праяўляў клопат аб развіцці сельскай гаспадаркі рэспублікі. Сын селяніна-бедняка, ён з дзяцінства пазнаў цану хлеба, таму на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ пастаянна трымаў у полі зроку пытанні інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, удасканалення сацыяльна-эканамічных адносін у вёсцы, павышэння культуры працы і быту хлебаробаў і жывёлаводаў, выхавання сапраўдных гаспадароў зямлі. Пётр Міронавіч часта бываў у гаспадарках, падоўгу размаўляў з людзьмі, ведаў іх праблемы і пытанні. У ліпені 1976 года кіраўнік ЦК Кампартыі БССР наведаў калгас «Маяк» нашага раёна. За метад павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур па яго рэкамендацыі старшыні калгаса Івану Мікалаевічу Гудоўскаму для службовага карыстання быў падораны аўтамабіль «Волга». Быў яшчэ адзін візіт кіраўніка рэспублікі ў Шаркаўшчынскі раён у жніўні 1980 года.
Застаўся ў памяці людской
У свой апошні дзень жыцця Пётр Міронавіч таксама жыў клопатамі вёскі, выязджаў знаёміцца з ходам асенніх палявых работ у Мінскай вобласці. 4 кастрычніка 1980 года на трасе Брэст—Масква, каля паварота на Смалявіцкую птушкафабрыку ў аўтамабіль «Чайка», у якім знаходзіўся першы сакратар ЦК КПБ, на вельмі высокай хуткасці ўрэзаўся грузавы аўтамабіль ГАЗ-53. Усе, хто знаходзіўся ў «Чайцы», а гэта Машэраў, афіцэр аховы і вадзіцель, загінулі на месцы. Пахаваны Пётр Міронавіч быў 7 кастрычніка 1980 года на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Мінску.
Імем Пятра Міронавіча Машэрава названы шматлікія ўстановы, аб’екты, вуліцы і праспекты ў нашай краіне. У 1998 годзе Віцебскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту прысвоена яго імя. Выдатны палітычны дзеяч назаўсёды застаўся ў сэрцах тых, хто ведаў і працаваў з Пятром Машэравым, а таксама ў памяці людзей, якія ведаюць пра славутага сына беларускай зямлі з падручнікаў і дакументальных хронік.
Успаміны
Нам пашчасціла пры жыцці запісаць успаміны былых працаўнікоў калгаса «Іскра», якія мелі магчымасць сустрэцца з Пятром Машэравым.
Дзмітрый Райчонак:
— У 1980 годзе я працаваў брыгадзірам вытворчай брыгады нашага калгаса. Добра памятаю, як 20 жніўня па загадзе кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства мне было даручана сканцэнтраваць у вызначаным месцы сельгастэхніку і працаўнікоў, якія былі заняты на церабленні лёну і ўборцы зерневых паблізу вёскі Грыблы. На гарызонце ўсе ўбачылі верталёт. Вінтакрылая машына пачала зніжаць хуткасць і села на льняным палетку. З борта верталёта выйшлі некалькі чалавек. Сярод іншых выдзяляўся мужчына высокага росту. Гэта і быў Пётр Машэраў. Лідар рэспублікі з усмешкай павітаўся з працаўнікамі, кожнаму мужчыне паціснуў руку, пацікавіўся ходам сельгасработ. Пасля працяглай гаворкі Пётр Міронавіч рушыў на верталёце ў іншую гаспадарку.
Уладзімір Шатанёнак:
— Мне, маладому шафёру калгаса «Іскра», пашчасціла ў той дзень, 20 жніўня, не проста ўбачыць першага сакратара ЦК КПБ на льняным палетку, паціснуць яму руку, але яшчэ нават памерыцца ростам з кіраўніком рэспублікі. Пётр Міронавіч, як чалавек даволі рослы, сам падышоў да мяне і стаў спінай да спіны. Як аказалася, я на некалькі сантыметраў быў вышэйшы за Пятра Машэрава.
— Нічога дзіўнага, — жартаўліва вымавіў Пётр Міронавіч, — я, вядома, ужо старэю, таму і рост памяншаецца. А гэты хлопец зусім малады, ён яшчэ расце.
Дзесьці праз месяц з тэлебачання і газет мы даведаліся пра жудасную навіну — Пётр Міронавіч Машэраў загінуў у аўтакатастрофе. Наведванне нашага калгаса стала адной з апошніх рабочых паездак па сельгаспрадпрыемствах Беларусі ў жыцці кіраўніка рэспублікі.
Сяргей РАЙЧОНАК.

