Жыве ў любові і згодзе сям’я Сяргея і Ганны Хаданёнкаў з агарагарадка Германавічы

Общество

У большасці выпадкаў сям’я становіцца для людзей самым каштоўным падарункам лёсу. Для кожнага з нас гэта слова азначае штосьці сваё, асабістае. А для сям’і Сяргея і Ганны Хаданёнкаў з агарагарадка Германавічы сям’я — гэта другая палова, утульны і гасцінны дом, дзеці. Сёння мы і раскажам вам пра іх.

Сяброўства з юнацтва

Сяргей і Ганна — мясцовыя. Яна нарадзілася і вырасла ў Германавічах, а ён у суседняй вёсцы Сталіца. Пасябравалі яшчэ ў юнацтве, разам хадзілі ў мясцовую сярэднюю школу, а калі былі старшакласнікамі — на вечары адпачынку, дыскатэкі ў сельскі Дом культуры. Пакрысе сяброўства перарасло ва ўзаемную сімпатыю і моцнае каханне.

Пасля заканчэння школы трэба было набываць далейшую адукацыю. Ганна стала студэнткай факультэта фізічнага выхавання Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава, а Сяргей паступіў у Глыбоцкі прафтэхліцэй. Калі абое адвучыліся і атрымалі дыпломы, то вырашылі звязаць свае лёсы ў адзін. Так і ўтварылася іх сям’я. Было гэта ў 2010 годзе.

У кожнага свая работа і занятак

— Некаторы час я працавала трэнерам-выкладчыкам Шаркаўшчынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, — кажа Ганна. — Потым пайшла ў дэкрэтны водпуск. А цяпер працую паштальёнам мясцовага паштовага аддзялення. Першай у нашай сям’і нарадзілася дачушка Ульяна. Цяпер яна ўжо сямікласніца, вучыцца выдатна, наведвае яшчэ і дзіцячую школу мастацтваў, клас «фартэпіяна». Падрастае другая дачушка Сафійка. Яна цяпер ходзіць у дзіцячы садок.

Кожную раніцу пасля сняданка Хаданёнкі адпраўляюцца займацца сваімі справамі. Тата — на працу ў сельгаспрадпрыемства, маці — на працу ў паштовае аддзяленне. Ульяна, сабраўшы рукзак з падручнікамі, спяшаецца ў школу, а Сафійка з прыгожа заплеценымі пунсовымі бантамі крочыць у дзіцячы садок.

Перадавы механізатар і выдатны сем’янін

Гэта словы пра гаспадара — Сяргея. Ужо шмат год ён працуе механізатарам у ААТ «Княж». Знаходзіцца на добрым рахунку ў кіраўніцтва гаспадаркі. Можа кіраваць рознай тэхнікай. Ён і на трактары «Беларус» выдатна спраўляецца з любымі відамі работ, і на пагрузчыку «Амкадор» таксама. Калі ж пачынаецца нарыхтоўка кармоў, Хаданёнак перасаджваецца за руль комплекса КВК-800 і займаецца ўборкай траў, кукурузы. За сумленную працу неаднаразова ўзнагароджваўся кіраўніцтвам гаспадаркі, райвыканкама. Дарэчы, Сяргей Віктаравіч з’яўляецца дэпутатам Германавіцкага сельскага Савета дэпутатаў і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў.

— Стараюся як мага больш часу праводзіць з роднымі, з сям’ёй, — кажа мой суразмоўца. — Дома таксама хапае клопатаў. Разам з Ганнай трымаем хатнюю гаспадарку, бо не ўяўляем жыццё ў вёсцы без гэтага. Маем і зямельны надзел. Карацей кажучы, стараемся жыць так, каб сваім уласным прыкладам прывіваць любоў да працы і сваім дзеткам.

Шчырая гасціннасць

У дзень, калі я трапіў да Хаданёнкаў, у Ганны быў выхадны. Жанчына завіхалася па гаспадарцы — карміла жывёлу. Потым мы пайшлі ў дом, дзе яна занялася прыгатаваннем вячэры для сваіх родных.

— Мне заўсёды ў гэтай справе дапамагае Ульяна, — кажа Ганна. — Яна і бутэрброды для бацькі на працу зробіць, і бульбу ды буракі пачысціць.

Калі вячэра была прыгатавана, каля хаты спыніўся «Амкадор». Гэта з працы прыехаў Сяргей.

— Кожныя раніцу і вечар трэба падвозіць кармы для жывёлы на цэнтральнай малочнатаварнай ферме, — тлумачыць мужчына. — Механізатараў у нашым сельгаспрадпрыемстве не так і многа, таму за некаторымі трактарыстамі замацавана па некалькі адзінак тэхнікі. Праца хоць і цяжкая, але звыклая для мяне. Спраўляцца з цяжкасцямі дапамагаюць мае родныя, яны — мая надзейная апора і падтрымка ў жыцці.

Хаданёнкі пачаставалі мяне смачнай гарбатай, якую прыгатавала Ульяна з рамонкаў. Мы яшчэ крыху паразмаўлялі пра паўсядзённае жыццё, пра мясцовыя вясковыя навіны. Час быў даволі позні, трэба было вяртацца ў Шаркаўшчыну, каб рыхтаваць матэрыял пра гэту цудоўную сям’ю.

Узаемныя каханне і давер

Гледзячы на шчаслівую сям’ю Сяргея і Ганны Хаданёнкаў, стала цалкам зразумела, што сваё жыццё яны будуюць не толькі на пачуцці кахання, але, у першую чаргу, на ўзаемных павазе, падтрымцы. Яны заўсёды саступаюць адно аднаму, бо ўсведамляюць, што найвялікшая каштоўнасць для чалавека — гэта сям’я. Шчасця вам, Сяргей і Ганна, на доўгія-доўгія гады!

Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.