Палязаўтра сваё прафесійнае свята будуць адзначаць работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У іх ліку і фатограф участка бытавых паслуг УКП ЖКГ Шаркаўшчынскага раёна Валерый Кавалёнак.
Здольнасць убачыць вакол сябе прыгожае, прывабнае, непаўторнае хараство ў пэўнай ступені ўласціва кожнаму з нас. Але найперш гэта могуць зрабіць творчыя людзі — мастакі, паэты, пісьменнікі, фатографы. Прадстаўнікі апошняй з пералічаных прафесій фіксуюць сюжэт на фотакамеру. Менавіта яны могуць злавіць той момант, які знік назаўсёды, які немагчыма больш узнавіць. Наогул, фотаздымак можа прадстаўляць толькі сучаснае, бо як толькі сюжэт трапіў у кадр, ён становіцца часткай мінулага.
Мяркую, з маёй думкай пагодзіцца кожны шаркаўчанін: у нашым гарадскім пасёлку бясспрэчным фатографам-прафесіяналам і з’яўляецца Валерый Цеафілавіч. Ён зрабіў не адзін мільён фотаздымкаў яшчэ з таго часу, калі не існавала лічбавай фотатэхнікі. У аб’ектыў яго фотаапарата траплялі самыя розныя падзеі, якія былі раней і якія адбываюцца ў Шаркаўшчыне цяпер. Звычайныя людзі заўсёды станавіліся героямі яго здымкаў. Наогул, па фотатэках Валерыя Цеафілавіча можна пісаць летапіс гарадскога пасёлка і раёна.
Яшчэ ў дзесяцігадовым узросце Валерыю падарылі яго першы фотаапарат «Вілія». З таго часу ён і пачаў захапляцца фота — спачатку як аматар, а потым і як прафесіянал. Мясцовасць, дзе ён нарадзіўся — вёска Васількова каля балота Ельня — прываблівае вока сваім непаўторным хараством. Багатыя флора і фаўна сталі на многія дзесяцігоддзі асноўнымі тэмамі ў здымках фатографа. Ён сур’ёзна захапіўся арніталогіяй. Птушкі для яго сталі аб’ектам фотапалявання і даследвання. На старонках дзясяткаў айчынных і замежных часопісаў на прыродную тэматыку размяшчаюцца фотаздымкі прыроды, аўтарам якіх з’яўляецца Валерый Цеафілавіч. У пошуках новых уражанняў і здымкаў наш зямляк падарожнічае па ўсёй Беларусі, каб потым прадэманстраваць шаркаўчанам вынікі сваёй плённай працы — фатографа і арнітолага.
Як паведаміла майстар участка бытавых паслуг Вольга Яндульская, сярод прафесійных абавязкаў Валерый Кавалёнак яшчэ і стварэнне сувенірнай прадукцыі. Гэта нанясенне фотаздымкаў і разнастайных малюнкаў на кубкі, гадзіннікі. Тут жа, у яго майстэрні, можна зрабіць заказ на выраб некаторых відаў адзення з нанесенымі на іх надпісамі, здымкамі. Да таго ж Валерый Цеафілавіч яшчэ вырабляе пластыкавыя шыльды — указальнікі з назвамі вуліц, дамоў, арганізацый. Карацей кажучы, Валерый Кавалёнак — гэта майстар на ўсе рукі і незамянімы спецыяліст.
Сяргей РАЙЧОНАК.

