Над ціхаплыннымі хвалямі Дзісны…

Общество

Кожны з нас ведае, наколькі прыемна вяртацца ў родныя мясціны, дзе нарадзіўся, дзе прайшло дзяцінства, гады юнацтва, дзе рабіў першыя крокі ў самастойнае дарослае жыццё. Гэта пачуццё нельга параўнаць ні з чым. Непадалёк ад вёскі Грыблы, дзе я нарадзіўся, знаходзіцца Жукоўшчына — цэнтральная сядзіба былога калгаса «Іскра». Паважаныя чытачы, сёння наш аповед пойдзе менавіта пра гэты населены пункт, пра яго слаўнае мінулае і сучаснае, пра яго жыхароў.

Наперад у мінулае

Вёска Жукоўшчына згадваецца ў пісьмовых звестках у другой палове 19-га стагоддзя, калі тут была адкрыта школа царкоўнай граматы. З 1921 па 1939 гады населены пункт знаходзіўся ў Пастаўскай гміне Дунілавіцкага павета Віленскага ваяводства. Падчас Вялікай Айчыннай вайны вёска была часткова спалена нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Упершыню калгас тут быў арганізаваны ў кастрычніку 1949 года. Назву сваю ён атрымаў ад ленінскай рэвалюцыйнай газеты «Іскра». Сельгасарцель узначаліў Іван Лысёнак. У 1955 годзе на гэтай пасадзе яго змяніў Пётр Кірыленка. У розныя гады «Іскрой» кіравалі Вячаслаў Кішкурна, Антон Ружа, Іосіф Гернат, Аляксандр Войцік, Канстанцін Еўдакімаў, Рыгор Пірожнікаў, Гедзіён Буйка. Апошнім старшынёй калгаса «Іскра» з’яўляўся Багуслаў Паўлоўскі. Безумоўна, кожны з пералічаных кіраўнікоў унёс свой пэўны ўклад у станаўленне і развіццё сельгаспрадпрыемства. І кіраўніцтва калгаса, і кожны яго работнік шчыра і сумленна працавалі на роднай зямлі. Разам будавалі вытворчыя аб’екты, жыллё, дарогі, разам дасягалі высокіх паказчыкаў у галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі. Шэраг калгаснікаў ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. У жніўні 1980 года «Іскру» наведаў першы сакратар Камуністычнай партыі БССР Пётр Міронавіч Машэраў. Кіраўнік рэспублікі даў высокую адзнаку працы мясцовых аграрыяў, падзякаваў ім за прымяненне перадавых, па тых часах, тэхналогій у галіне раслінаводства.

У родных мясцінах і дыхаецца лягчэй

Такога меркавання прытрымліваецца адзін з жыхароў Жукоўшчыны Вячаслаў Касарэўскі. Нарадзіўся і вырас мужчына ў суседняй вёсцы Мельніца. З маленства Вячаслаў Сяргеевіч палюбіў зямлю і працу на ёй. Яго бацька працаваў механізатарам у мясцовым калгасе, напэўна, таму і Вячаслаў пасля заканчэння Слабадской сярэдняй школы пайшоў працаваць трактарыстам у «Іскру». Пасля тэрміновай службы ў войску была магчымасць застацца жыць і працаваць у горадзе, але малады мужчына вярнуўся ў родныя мясціны, у бацькоўскую хату. І вось ужо 35 год Вячаслаў Сяргеевіч шчыруе ў сельгаспрадпрыемстве на трактары.

— Імкліва ідуць гады, нябачна і хутка прабягаюць дні, — кажа мужчына. — Канечне, жыццё не стаіць на месцы, падрастаюць нашы дзеці, сталеем мы. Я ніколі не пашкадаваў, што застаўся жыць у родных мясцінах. Не ўяўляю сябе ў горадзе, дзе пастаянная мітусня. Тут жа, на малой радзіме, і дыхаецца лягчэй, і жыццё афарбавана зусім іншымі колерамі.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і жонка Вячаслава Таццяна. Жанчына ўжо амаль трыццаць год працуе ў жывёлагадоўлі, з’яўляецца аператарам машыннага даення на мясцовым жывёлагадоўчым комплексе. У сям’і выхоўваюцца дачка Паліна і сын Сяргей. Абодва дапамагаюць бацькам па хатняй гаспадарцы. Касарэўскія трымаюць трох кароў, птушку, качак, гусей, свіней. Маюць значных памераў зямельны надзел, які апрацоўваюць уласным трактарам.

— Наша Паліна сёлета заканчвае дзявяты клас СШ № 1, — кажа маці Таццяна Уладзіміраўна. — Плануе паступаць у медыцынскі каледж. Мы рады выбару дачкі, тым больш што сфера медыцыны прываблівае яе. Сяргей заканчвае сёмы клас, наперадзе яшчэ некалькі год вучобы ў школе, а значыць ёсць яшчэ час выбраць сваю далейшую жыццёвую дарогу.

Жывуць паўсядзённымі клопатамі

Заўсёды ёсць пра што пагутарыць суседкам Ларысе Чарняўскай, Марыне Лысёнак і Святлане Райчонак. Жанчыны знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але, як і большасць жыхароў Жукоўшчыны, жывуць вясковымі клопатамі. Вось і ў чарговы раз яны, пасадзіўшы агароды, справіўшы хатнюю гаспадарку, падзяліліся паміж сабой апошнімі навінамі, пагутарылі пра надзённыя справы. Ларыса Аляксандраўна на працягу многіх год з’яўляецца старэйшынай у гэтым населеным пункце. Яна, як ніхто іншы, ведае турботы мясцовых жыхароў, стараецца дапамагчы ў вырашэнні шматлікіх праблем і пытанняў жыццядзейнасці. Жанчына жыве ў Жукоўшчыне з 1983 года. Спачатку працавала ў якасці загадчыка дзіцячага сада.

— У пачатку 1980-х гадоў вельмі шмат моладзі было ў нашай Жукоўшчыне, — успамінае Ларыса Аляксандраўна. — З вёскі ў дашкольную ўстанову хадзіла больш за 20 дзетак. У садку працаваў зладжаны і сяброўскі калектыў. Цудоўныя і незабыўныя былі часы.

Калі ў 1995 годзе ўстанова была закрыта, жанчына некаторы час працавала ў мясцовым калгасе «Іскра», а потым з’яўлялася загадчыкам Жукоўшчынскай бібліятэкі. З гэтай пасады Ларыса Аляксандраўна і пайшла на заслужаны адпачынак.

Марына Пятроўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Галінова, закончыла Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Напрыканцы 1970-х гадоў па размеркаванні трапіла на сваё першае працоўнае месца ў калгас «Іскра», пачала працаваць ў канторы на пасадзе бухгалтара. Тут сустрэла мясцовага хлопца Алега Лысёнка, які быў шафёрам. Так утварылася маладая сям’я. Адміністрацыя гаспадаркі выдзеліла Лысёнкам новы ўтульны дом, у сям’і нарадзіліся два сыны — Сяргей і Аляксандр.

— Калі ў 1988 годзе наш галоўны бухгалтар Аляксандра Андрэйчык пайшла на заслужаны адпачынак, на гэту пасаду прызначылі мяне, — успамінае Марына Пятроўна. — Шмат часу прайшло з той пары, нават не верыцца, што так імкліва бягуць гады. Спраўляцца са шматлікімі цяжкасцямі дапамагаў згуртаваны калектыў нашай бухгалтэрыі. З цеплынёй у сэрцы ўспамінаю сваіх былых калег Ліну Вітальеўну Райчонак, Вольгу Георгіеўну Вялічка, Марыю Іосіфаўну Мышко, Галіну Фёдараўну Брэскую і іншых спецыялістаў. У лютым 2003 года наш калгас шляхам рэарганізацыі далучылі да суседняй гаспадаркі СВК «Васюкі». Ва ўзбуйненым сельгаспрадпрыемстве я працавала бухгалтарам да свайго выхаду на пенсію.

Усю сваю працоўную частку жыцця ў родным калгасе адпрацавала і Святлана Леанідаўна. Нарадзілася яна ў вёсцы Слабада, якая, на жаль, ужо не існуе. Пасля заканчэння сярэдняй школы набыла спецыяльнасць ветэрынарнага ўрача ў Віцебскай ветакадэміі. На працягу многіх год жанчына займалася лячэннем жывёлы сельгаспрадпрыемства, а таксама на ўласных падворках жыхароў акаляючых вёсак.

— Як і многія мае равеснікі, я вырашыла пасля заканчэння ВНУ вярнуцца ў родныя мясціны, — дзеліцца сваімі думкамі Святлана Леанідаўна. — Пэўны час жыла з бацькамі, а потым сустрэла сваю другую палову — мужа Міхаіла, які жыў у суседняй вёсцы Грыблы. Пасля вяселля нам, маладой сям’і, выдзелілі ў Жукоўшчыне дом, дзе я цяпер і пражываю. На жаль, Міхаіла ўжо няма, а дочкі Наталля і Сняжана жывуць ў Шаркаўшчыне, маюць свае сем’і, дзяцей. Вельмі радуюся, калі на выхадныя яны прыязджаюць да мяне, тады я станаўлюся самым шчаслівым чалавекам на зямлі.

Людзі тут з адкрытымі сэрцамі

Амаль у самым канцы вуліцы Цэнтральнай пражываюць Анатолій і Вольга Андрэйчыкі разам з сынам Уладзімірам. Анатолій Канстанцінавіч ужо некалькі год знаходзіцца на пенсіі, а да гэтага часу працаваў трактарыстам у калгасе.

— Нарадзіўся я ў вёсцы Курылавічы, а жонка мая Вольга Антонаўна з Верхнядзвінскага раёна, — кажа мой суразмоўца. — Так склаўся лёс, што напрыканцы 1980-х гадоў мы пераехалі з Верхнядзвіншчыны менавіта ў Жукоўшчыну. Дарэчы, аб гэтым ніколі не пашкадавалі, бо людзі тут жывуць добразычлівыя і спагадлівыя, з адкрытымі сэрцамі, гатовыя ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу. Вольга Антонаўна даглядае нашага сына Уладзіміра, бо ён з нараджэння мае пэўныя абмежаванні ў дзеяздольнасці. У Шаркаўшчыне жыве разам са сваёй сям’ёй другі сын Віктар. І хоць мы не з’яўляемся карэннымі жыхарамі Жукоўшчыны, але, тым не менш, лічым гэту вёску сваёй другой радзімай.

Жыццё працягваецца…

На сённяшні дзень у Жукоўшчыне пастаянна пражывае каля 70-ці чалавек. Значная частка іх — мужчыны і жанчыны пенсійнага ўзросту. Да патрэб вяскоўцаў маецца магазін, прадаўцом у якім працуе шаркаўчанка Надзея Бурэль. Дарэчы, вяскоўцы і жыхары суседніх вёсак заўсёды задаволены яе работай. Медыцынскія паслугі аказвае фельчар мясцовага ФАПа Наталля Кукоўская. На жаль, зачынены сельскі клуб, дзе калісьці кіпела культурнае жыццё пад кіраўніцтвам Радзівона Лысёнка, а двойчы на тыдзень кінамеханік Фёдар Бакевіч «круціў» кінастужкі, збіраючы поўную залу гледачоў. Тым не менш, жыццё працягваецца. І вельмі добра, што нягледзячы на шматлікія складанасці, жыхары Жукоўшчыны жывуць з аптымізмам, пазіраючы на ціхаплынныя хвалі Дзісны.

Аўтар праекта Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.