У гэтым годзе месцам сустрэчы самых актыўных, вясёлых, знаходлівых і энергічных, базай для традыцыйнага турыстычнага злёту, які праводзіўся з 19 па 20 ліпеня, зноў стаў бераг возера Царкавішча каля в. Мосар. Турзлёт аб’яднаў прадстаўнікоў зусім розных прафесій, якія ў гэты час знаходзіліся ў аднолькавых умовах, незалежна ад іх пасады.
518 чалавек удзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве, больш паловы з іх — моладзь.
Раніцай 19 ліпеня каманды сабраліся на плошчы перад Домам Саветаў, на якой адбылося урачыстае адкрыццё турыстычнага злёту. Да маладога пакалення са словамі пажадання звярнуўся старшыня райвыканкама М. І. Баговіч. Па традыцыі каманды ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў — усклалі кветкі і вянкі да помніка.
І тут жа адбыўся першы конкурс. У кожнай каманды, усяго іх 19, была адзіная спартыўная форма, эмблема і дэвіз, якія ім неабходна было прадставіць, праявіўшы сваю фантазію. З гэтым заданнем справіліся ўсе. Лепшымі былі вызначаны “ШИК”, ”SOS”, ”Саюз”, ”Вентылёк”, ”Самародак”, ”Надзея”, ”Васюкі”.
Затым працоўны дэсант займаўся добраўпарадкаваннем малочнатаварнай фермы Савуткі, некаторыя праводзілі ачыстку лясной тэрыторыі, рыхтавалі дровы для вогнішча. Пасля каманды ўладкоўвалі лагер. Ужо праз некаторы час бераг празрыстага возера Царкавішча быў упрыгожаны рознакаляровымі палаткамі, шарамі, плакатамі, усім, што дазволіла фантазія.
Калі лагер быў усталяваны, пачалася барацьба паміж камандамі за перамогу.
Водна-турысцкае шматбор’е
У гэтым спаборніцтве патрабавалася на байдарцы зрабіць пэўныя манеўры. Пры праходжанні дыстанцыі неабходна было пераадолець носам ці кармой лодкі некалькі звёнаў, размешчаных на вадзе спецыяльных буйкоў. Вецер штурхаў так, што было цяжка кіраваць непаслухмянай байдаркай. Але гэта не перашкодзіла настойлівым удзельнікам выпрабавання выканаць тое, што было неабходна. Сярод мужчын мелі поспех у гэтым нялёгкім спаборніцтве Аляксей Іваноў (“ШИК”) , Яўгеній Ерахновіч (“ПМК-68”), Юрый Казарын (“КПЗ”). Сярод жанчын лепшымі былі Людміла Рагачэўская (“Самародак”), Таццяна Сямёнава (“SOS”), Зоя Пажарская (“Ёлкі-Палкі”). У камандным першынстве ўгнацца за перамогай на байдарцы удалося камандзе “SOS”, другое месца атрымала каманда “Ёлкі-Палкі”, на трэцюю прыступку п’едэстала паднялася каманда “Самародак”.
Кантрольна-турысцкі маршрут
Звычайна самыя смелыя, падрыхтаваныя і тыя, хто добра арыентуецца з дапамогай карты і компаса, ідуць на гэтае выпрабаванне. Даўжыня дыстанцыі, якую павінны былі прайсці турысты, складала каля чатырох кіламетраў, на працягу іх каманду чакалі розныя выпрабаванні: хутка і якасна вязаць турыстычныя вузлы, вызначыць лекавыя, ядавітыя і ядомыя расліны, аказаць даўрачэбную дапамогу, усталяваць палатку, распаліць вогнішча, пераадолець водную перашкоду па бервяне. Для таго, каб паспяхова прайсці такія выпрабаванні, патрэбна было мець не толькі компас і карту, а і развітую інтуіцыю. У тых, хто знаёмы з лесам на “ты” і ўжо не першы раз удзельнічаў у такім спаборніцтве, асаблівых цяжкасцей не было, а тым, хто ўпершыню асмеліўся пайсці ў глыб зялёнага масіву, прыйшлося нялёгка. Вянец пераможцы ў гэтым спаборніцтве атрымала каманда ЖКГ “Вентылёк”. Другое месца заняла каманда “Княж”, трэцяе — “КПЗ”.
Пляжны валейбол
У той час, калі самыя смелыя блукалі па лесе, а самыя моцныя плавалі на байдарках, самыя лоўкія гулялі у валейбол. Сярод жанчын першае месца занялі Алена Ананіч і Рыма Іванова (“ШИК”). Заслужанае другое месца было прысвоена ўдзельніцам каманды “Самародак”, трэцяе атрымалі прадстаўніцы каманды “Княж”. Сярод мужчын дастойна выступілі Дзмітрый Міхалёнак, Яўгеній Канюшэўскі, Уладзімір Осіпаў (“Княж”). Другую прыступку п’едэстала занялі валейбалісты з каманды “Ёлкі-Палкі”, а трэцяе месца заваявала каманда “ШИК”.
Дартс
Трапнасці і спрыту турыстам не займаць. У многіх нават была свая тактыка кідка. Каманды паказалі добрыя вынікі, а самымі трапнымі ў гэтым спаборніцтве сталі Юрый Трафімаў (“Надзея”), Юрый Кавалёнак (“Княж”), Аляксей Іваноў (“ШИК”). Сярод жанчын поспех мелі Ірына Малыш (“SOS”), Наталля Талапіла (“ДБУ-26”), Зоя Пажарская (“Ёлкі-Палкі”).
Бадмінтон
Прастата правілаў і магчымасць гуляць на любой невялікай пляцоўцы зрабілі бадмінтон адной з самых папулярных гульняў. Упершыню гэты від спорту ўключаны ў спіс спаборніцтваў турыстычнага злёту. Ён прыйшоўся па душы і нашым турыстам. Сярод мужчын першае месца на гэтым спаборніцтве заняў Дзмітрый Міхалёнак (“Княж”), “серабро” атрымаў Раман Рубін (“SOS”), трэцяе месца — у Мікалая Крыўко (“Ёлкі-Палкі”). Сярод жанчын лепшымі былі вызначаны Ірына Швед (“Ёлкі-Палкі”), Вольга Яцына (“Васюкі”), Інэса Фоціна (“Саюз”).
Конкурс быту
Агляд праводзіўся некалькі разоў у дзень. Улічваліся чысціня, парадак, захаванне санітарна-гігіенічных нормаў і афармленне лагера. Тут пераможцаў суддзям вызначыць, напэўна, было найбольш складана. Усе каманды падрыхтавалі адметнае афармленне свайго лагера, амаль кожнае з якога заслугоўвала высокага балу. Таму лепшымі ў гэтым конкурсе сталі каманды “SOS”, “Карсары”, “Ёлкі-Палкі”, “ШИК”, “КПЗ”, “Саюз”, “ДБУ-26”, “Вентылёк”, “Княж”.
Конкурс мастацкай самадзейнасці
Тут суддзі ацэньвалі рэпертуар, якасць, арыгінальнасць і артыстызм. Упершыню конкурс праводзіўся па сістэме Еўрабачання: ад кожнай каманды адзін суддзя. Выступленне не павінна было перавышаць 7 хвілін, каб усе каманды паспелі паказаць свае праграмы. Артысты так ужываліся ў ролю, што падчас творчага парыву ім зусім не хацелася пакідаць “сцэну”. Праграмы павінны былі адлюстроўваць культуру, традыцыі Шаркаўшчыны. Амаль усе каманды справіліся з пастаўленай задачай. Самымі таленавітымі, артыстычнымі і арыгінальнымі прызнаны “КПЗ”, “Самародак”, “Саюз”.
Конкурсная акцыя “Мой турыстычны лагер без смецця, алкаголю і тытунёвага дыму”.
Акцыя праводзілася на працягу ўсяго злёту. Месцы каманд вызначаліся па найменьшай колькасці выпадкаў курэння, распіцця алкаголю, засмечвання тэрыторыі і па правядзенню рэкламнай кампаніі па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Прапагандаваць каманды ўмеюць, а вось з вядзеннем здаровага ладу жыцця на працягу ўсяго турзлёту справіліся не ўсе. Пакараннем тым камандам, якія не прытрымліваліся акцыі, парушалі нормы бяспекі, была ўборка тэрыторыі і штрафныя балы. А ноччу ў лагерах панавала рамантычная абстаноўка. Некаторыя спявалі песні ля вогнішча пад гітару, хтосьці прагульваўся на свежым паветры. А асноўная частка моладзі весялілася на дыскатэцы.
Віктарына “Шаркаўшчыне — 510 гадоў”
Наступны дзень пачаўся са спаборніцтва, на якім можна было перамагчы не з дапамогай сілы, спрыту, а дзякуючы ведам пра гісторыю Шаркаўшчынскага краю. Віктарына паказала, наколькі дакладна шаркаўчане ведаюць мінулае сваёй малой радзімы. Лепшыя вынікі паказалі каманды “ШИК”, “Самародак”, “Саюз”. Выдатныя веды гісторыі роднага краю прадэманстравалі Наталля Турчынская (“ШИК”), Аксана Бабоўская і Алена Курушка (“Саюз”), Юрый Матуль (“Самародак”).
Конкурс “Рыбная поліўка і шашлык”
Прыемны пах шашлыка і поліўкі вабіў суддзяў. Кіраўнікі працоўных калектываў са сваімі камандамі прадстаўлялі ім свае шэдэўры, прыгожа аформленыя і смачна прыгатаваныя. Галоўным суддзёй гэтага конкурсу быў старшыня райвыканкама М. І. Баговіч. Віталася абарона страў у музычнай, вершаванай і іншых формах. Таму конкурс пакінуў пасля сябе толькі прыемныя эмоцыі і добры настрой. Найбольш арыгінальна прадставілі і смачна прыгатавалі стравы наступныя каманды: “SOS”, якая заняла першае месца, на другім — “ШИК”,”Корсары”,”ДБУ-26”,”БРСМ”, а “КПЗ”,”Самародак”,”Княж” занялі трэцяе месца.
Конкурс газет
Свае здольнасці ў выяўленчым мастацтве, фантазію і арыгінальнасць прадэманстравалі каманды ў гэтым конкурсе. Трэба было як мага цікавей адлюстраваць падзеі злёту ў вершах, замалёўках. Немалаважнае значэнне мела мастацкае афармленне. Самыя арыгінальныя газеты атрымаліся ў каманд “Саюз”, “Корсары”, “ШИК”, “КПЗ”.
Армрэслінг
Існуе памылковае меркаванне, што армрэслінг — мужчынскі від спорту. Аднак жанчыны годна выступілі на дадзеным спаборніцтве. Самая моцная рука сярод “слабага” полу ў Таццяны Сілавай (“Вентылёк”), на другім месцы Валянціна Абрамава (“Саюз”), на трэцім — Кацярына Палідавец (“БРСМ”). Сярод мужчын перамогу атрымаў Павел Яблонскі (“Княж”), другое месца заваяваў Вадзім Буда (“Ёлкі-Палкі”), на трэцім месцы —Дзяніс Пятроў (“Надзея”).
Перацягванне каната
Апошні конкурс — перацягванне каната. Напэўна, адзін з самых захапляльных і відовішчных, бо паспрачацца за перамогу выходзяць самыя моцныя і дужыя прадстаўнікі каманд. Перамогу ў ім заваявалі асілкі з каманды “Ёлкі-Палкі”, крыху ўступіла сваім суседзям каманда “Княж”, замкнуў тройку лідараў “ШИК”.
Нарэшце доўгачаканы момант — абвяшчэнне вынікаў турыстычнага злёту. Бясспрэчную перамогу ў агульнакамандным заліку атрымала каманда “Княж”. Заслужанае “серабро” заваявала моладзь з “КПЗ”. На трэцюю прыступку п’едэстала ўзняліся ўдзельнікі каманды “ШИК”.
Галоўнае ж, што было на турзлёце, гэта душэўны ўздым. Так прыемна было назіраць радасць перамог, перажыванні і захопленыя клічы балельшчыкаў. Слаўныя традыцыі добрых і дружных калектываў — гэта турзлёт. Хочацца падзякаваць усім арганізатарам традыцыйнага турзлёту, якія ўжо каторы год аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў і прафесій. Дзякуючы такім мерапрыемствам наша маладое пакаленне рухаецца ў правільным кірунку. Прыміце вялікую ўдзячнасць кіраўнікі працоўных калектываў і ўдзельнікі злёту за выдатныя вынікі і годнае выступленне.
Несумненна, турзлёт прайшоў на “выдатна”, і справа нават не ў месцах на п’едэстале, а ў непаўторнай, рамантычнай абстаноўцы, што панавала ў лагеры ўсе дні спаборніцтваў.
Словы і пажаданні ўдзельнікаў:
Марына ФЁДАРАВА, каманда «Княж»: Дасягнуць перамогі нашай камандзе дапамог вопыт старэйшых і актыўнасць, смеласць, энтузіязм маладых. На турзлёце адбылося яднанне пакаленняў, у выніку якога ўтварылася вялізная сіла. Хачу сказаць, што ўся наша каманда выступае за тое, каб колькасць відаў спаборніцтваў не скарачалася, а павялічвалася.
Анна НОВІКАВА, каманда КПЗ: Сакрэт нашага поспеху ў згуртаванасці каманды. Хацелася б выказаць пажаданне наконт рэгламенту конкурсаў, пажадана, каб ён вытрымліваўся, бо звычайна конкурсы і пачынаюцца і заканчваюцца пазней, чым гэта было запланавана.
Юлія КАПЛУНОЎСКАЯ, каманда ШИК: Атрымалі «бронзу» дзякуючы вопыту, старанным трэніроўкам і рэгулярным рэпетыцыям. Хацелася б максімальна наблізіць раённы турзлёт да абласнога. Напрыклад, пераадоленне водных перашкод на абласным турзлёце праводзіцца з выкарыстаннем страховачных сістэм, абвязак, спуск з высокіх дрэў ажыццяўляецца спосабам «Дзюльфер». Канечне, гэта складаней і патрабуе спецыяльных навыкаў, але ўсё ж намнога цікавей.
Анастасія АРСОБА, студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.
Фота Сяргея РАЙЧОНКА.
[nggallery id=42]
