Шаркаўчанка Марына Казіміраўна Яроменка свядома абрала для сябе прафесію ветэрынарнага ўрача. Як успамінае сама жанчына, яшчэ ў далёкім дзяцінстве разам з сяброўкамі гулялі ў медыкаў, па-жартоўнаму лячылі хатніх жывёл — коцікаў і сабачак.
Нарадзілася Марына Казіміраўна на Браслаўшчыне, у вёсцы Бальцішкі. Гады дзяцінства і юнацтва прайшлі разам з бацькамі, якія працавалі ў галіне жывёлагадоўлі. Таму і дачка, а яна была старэйшай сярод дзяцей, дапамагала бацьку і маці даглядаць на ферме жывёлу.
— Калі скончыла 9 класаў, разам з сяброўкамі паступіла ў Бігосаўскі зоаветэрынарны тэхнікум, — успамінае Марына Казіміраўна. — Атрымала дыплом аб заканчэнні навучальнай установы ў 1968 годзе, па размеркаванні трапіла ў Пастаўскі раён. Там пачынала працаваць на пасадзе галоўнага ветурача калгаса імя Суворава, які ўзначальваў будучы Герой Сацыялістычнай Працы Алег Валадзько. Незабыўныя былі часы. Калгас на той час з’яўляўся адстаючым сельгаспрадпрыемствам на Пастаўшчыне, але мы, маладыя спецыялісты, разам з кіраўніком сельгасарцелі пакрысе вывелі гаспадарку ў лік лідзіруючых у раёне. Праз чатыры гады мяне перавялі на пасаду загадчыка ўчастковай ветлячэбніцы ў вёску Андроны, непадалёк ад Пастаў. А ў Шаркаўшчыну я трапіла ў 1976 годзе, калі выйшла замуж за свайго аднакурсніка Мікалая. Яго пасля заканчэння ветакадэміі накіравалі на пасаду галоўнага ветурача мясцовай райветстанцыі.
З таго часу Марына Казіміраўна стала жыць і працаваць на шаркаўшчынскай зямлі, якая для яе стала другой маленькай радзімай. Спачатку займала пасаду загадчыка ветсанэкспертызы ў райветстанцыі, а потым узначаліла ветлабараторыю. Дарэчы, калі прыйшоў час выхаду на заслужаны адпачынак, Марына Казіміраўна яшчэ восем год працавала на ветэрынарнай станцыі.
— Мы з мужам Мікалаем Сяргеевічам ганарымся сваімі дзецьмі і ўнукамі, — прадаўжае мая суразмоўца. — Сын Андрэй і дачка Святлана таксама абралі для сябе прафесію ў галіне ветэрынарыі, дасягнулі пэўных працоўных вышынь. Радуюць сэрцы дзядулі і бабулі трое ўнукаў і дзве ўнучкі. Карацей кажучы, сям’я наша вялікая і вельмі дружная.
Нядаўна Марына Казіміраўна адзначыла юбілейны дзень нараджэння. Да імянінніцы завіталі не толькі родныя людзі, сябры, суседзі і знаёмыя. З віншаваннямі і падарункамі прыйшлі былыя калегі, з кім жанчына пачынала працаваць і для каго была першай настаўніцай і дарадцай у прафесіі. Для Марыны Казіміраўны той дзень запомніцца на доўгія гады.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

