«Люблю раздолле роднай вёскі!» — свята вёсак Шышкі і Крапіўнікі

Общество

У жніўні і верасні, калі стаіць цёплае надвор’е і амаль скончаны цыкл сельгасработ, з’яўляецца час адпачыць, і для жыхароў сельскай мясцовасці работнікі культуры ладзяць святы вёсак, аграгарадкоў.

Абапал аўтамабільнай шашы, якая вядзе з Шаркаўшчыны на Дзісну, на гарыстай мясцовасці стаяць дзве вёсачкі Шышкі і Крапіўнікі. Калісьці, калі тут было мноства жыхароў, аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай сфер, жыццё ў літаральным сэнсе кіпела. На жаль, час не стаіць на месцы, моладзь падалася ў гарады, зрэдку наведваючы сваіх бацькоў і дзядоў.

У некаторых выпадках назва вёскі паходзіць ад прозвішчаў яе жыхароў. У Шаркаўшчынскім раёне такое сустракаецца часта. У Шышках многія людзі маюць прозвішча Шышко. А вось крапіўнікамі называлі тых, хто з’яўляўся незаконнанароджаным, нібы знойдзеным у крапіве. Так гэта або не, разважаць не будзем. Галоўнае тое, што людзі тут жывуць спагадлівыя і гасцінныя.

Менавіта для іх работнікі Велікасельскага сельскага клуба, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Навасельскага СДК і народны фальклорны гурт «Купалінка» Більдзюгскага СДК правялі свята вёскі. Узнёсламу і радаснаму настрою спрыяла надвор’е — у небе ззяла яркае сонейка, лёгкі ветрык гойдаў галінкі яблынь.

Прысутных вітала старшыня Германавіцкага сельсавета Мая Якімовіч. Мая Яўгеньеўна падзякавала вяскоўцам за сумесную працу па добраўпарадкаванні сядзіб, грамадскіх могілак, якой яны займаюцца разам. Старэйшына Марына Хаданёнак дэпутат раённага Савета дэпутатаў атрымала з рук кіраўніка сельсавета Падзяку за актыўны ўдзел і дапамогу ў вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва. Такой жа Падзякай узнагароджана і мясцовая жыхарка Ганна Шышко.

Традыцыйна на такіх мерапрыемствах віншуюць падарункамі, добрымі словамі, звонкімі песнямі юбіляраў, самых старэйшых і самых маленькіх жыхароў. Напрыклад, Ала Ластаўка, у падворку якой і праходзіла свята, адзначыла 60-годдзе, 75 год — Еўлампія Андзілеўка, а 85-гадовы юбілей — Таісія Шышко і Ірэна Пусевіч. Словы ўдзячнасці і музычныя падарункі прагучалі для Ганны Стома, Казіміра Навіцкага. Залатыя юбіляры Казімір Іосіфавіч і Людміла Іосіфаўна Буткевічы, якія сёлета адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця, на жаль, не змаглі прысутнічаць на свяце, але арганізатары мерапрыемства наведалі іх на даму, павіншавалі, уручылі памятны падарунак. Не абыйшлі ўвагай і самага маленькага жыхара вёскі Шышкі Дзмітрыя Лесева, які разам з мамай атрымаў падарунак.

Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт ААТ «Агратэхсэрвіс» выдаткавалі пэўную суму грошай на набыццё сувеніраў для жыхароў вёсак, якія ўручыла намеснік кіраўніка гаспадаркі Яся Краснікава. Амаль да самага змяркання гучалі музыка і песні над Шышкамі і Крапіўнікамі. Свята, несумненна, запомніцца надоўга.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.