У ліку лепшых жывёлаводы фермы Ручай ААТ “Агратэхсэрвіс”

Сельское хозяйство

Уладзімір Грыгаровіч, Сямён Сямёнаў, Святлана Аляксеева, Наталля Пяцько, Клаўдзія Бялевіч, Ала Нягурка і Ірына Маляўка

У пяць гадзін раніцы, калі многія яшчэ спяць і бачаць сны, калі толькі пачынаюць шчабятаць птушкі над полем і выкатваецца сонца з-за гарызонта, жывёлаводы ўжо каля статка. І так кожны дзень. Пачынаюцца падрыхтоўчыя работы да дойкі кароў, затым само даенне, якое не павінна зацягвацца больш як на дзве гадзіны. Усё дакладна арганізавана на пашы, дзе ўтрымліваецца дойны статак фермы Ручай ААТ “Агратэхсэрвіс”. Непадалёку ад жывёлагадоўчых памяшканняў даволі вялікі ўчастак канюшыны, першы ўкос якой выкарысталі на сена і сянаж, а калі адрасла атава, сталі гарадзіць загоны і страўліваць каровамі. Арганізацыяй гэтай справы займаюцца пастухі. На момант нашага наведвання была змена Уладзіміра Грыгаровіча і Сямёна Сямёнава. Яны чакалі таго часу, калі даяркі падояць сваіх буронак, каб выгнаць статак на новы выгараджаны ўчастак. Спрытна завіхаліся з даільнымі апаратамі жанчыны. Жывёла ахвотна заходзіла па чарзе ў стойлы, бо кармушкі былі напоўнены камбікормам. Вялікі вопыт работы ў сваёй справе маюць даяркі Святлана Аляксеева, Наталля Пяцько, Ала Нягурка і Ірына Маляўка. Пастаянна побач з калектывам загадчыца фермы Клаўдзія Бялевіч — цікавы субяседнік і кампетэнтны спецыяліст.

Была пятніца, звычайна ў гэты дзень праводзіцца Дзень жывёлавода. Мы разам з галоўным эканамістам гаспадаркі Рэгінай Браніславаўнай Невярковіч выкарысталі магчымасць, каб пагутарыць з жывёлаводамі. І вось выліты апошнія літры пеністага сырадою ў бітоны, з якіх малако было забрана ў малакавоз.

Галоўны эканаміст азнаёміла прысутных з рэзультатамі, якіх дасягнулі работнікі за сем месяцаў года. Надой малака на карову па ферме склаў 2600 кілаграмаў. Ёсць усе падставы лічыць, што да канца года яны выйдуць у лік пяцітысячніц. І самае галоўнае, што з дадзенай фермы паступае на малаказавод самая чыстая прадукцыя па гаспадарцы. З пачатку года 94 працэнты малака рэалізавалі гатункам “экстра”. Значыць і зарплата ў іх добрая. Для параўнання можна сказаць, што па сельгаспрадпрыемству здадзена гатункам “экстра” толькі 27 працэнтаў, а ўсё таму, што з фермы Наваселле такога малака паступіла 35 працэнтаў, з Вялікага Сяла — 1, а з Светлага шляху — ніводнага.

А вось таварнасць малака па ферме Ручай нізкая (78 працэнтаў) толькі з-за таго, што значную колькасць прадукцыі адпраўляюць на выпайку цялятам, якія сканцэнтраваны на комплексе. Тлустасць малака — базісная.

Галоўны эканаміст паведаміла прысутным пра новыя закупачныя цэны на малако, пра працоўныя паказчыкі жывёлаводаў у цэлым па гаспадарцы, адказала на шматлікія пытанні.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *