Работнік культуры Ірына Хаданёнак дорыць добры настрой шаркаўчанам

Общество

rpt

Прафесія работніка культуры, а ў дадзеным выпадку спецыяліста клубнай сістэмы, асацыіруецца з чалавекам маладога ўзросту, які ўсебакова ведае тэндэнцыі развіцця сферы культуры на сённяшнім этапе, цалкам разумее схільнасці і патрабаванні сучаснага пакалення.

Намеснік дырэктара раённага Цэнтра культуры па клубных установах Ірына Хаданёнак (на здымку) прыйшла ў гэту сферу дзейнасці ў 2011 годзе. Спачатку працавала загадчыкам сельскага клуба ў вёсцы Зорка. Населены пункт аддалены ад раённага цэнтра, і насельніцтва там не вельмі многа. Тым не менш, Ірына змагла згуртаваць вакол сябе як моладзь, так і людзей старэйшага пакалення. З яе прыходам закіпела культурнае жыццё ў Зорцы і навакольных вёсках. На пастаяннай аснове сталі ладзіцца канцэрты, выезды з міні-выступленнямі на вытворчых аб’ектах, абрадавыя святы, вечары адпачынку для рознаўзроставых катэгорый насельніцтва. У той час Ірына вучылася на завочным аддзяленні Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова, які скончыла ў 2014 годзе.

Маладога і перспектыўнага работніка заўважыла кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Праз чатыры гады прапанавалі ёй павышэнне па кар’ернай лесвіцы ў раённым цэнтры.

— Працу сваю я люблю, бо атрымліваю ад яе задавальненне. Дорачы добры настрой людзям, бачу іх станоўчыя водгукі аб сваёй рабоце, — падзялілася сваімі думкамі Ірына.

На ўрачыстасці, прымеркаванай да Дня работнікаў культуры, якая прайшла ў Віцебскай абласной філармоніі, намеснік дырэктара раённага Цэнтра культуры па клубных установах Ірына Хаданёнак была ўзнагароджана Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення культуры за шматгадовую добрасумленную працу, арганізацыю і правядзенне на высокім узроўні культурна-масавых мерапрыемстваў. Мы таксама далучаемся да віншаванняў і зычым Ірыне новых творчых перамог і прызнанняў!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.