Больш за паўвека ў нашым гарадскім пасёлку дзейнічае ДБУ-26

Общество

Больш за паўвека ў нашым гарадскім пасёлку дзейнічае дарожна-будаўнічае ўпраўленне № 26, якое стварае шляхі зносін не толькі ў Шаркаўшчынскім раёне, у Віцебскай вобласці і рэспубліцы, але нават і за межамі Беларусі.

— Калектыў нашай арганізацыі налічвае каля ста чалавек, — расказаў дырэктар Алег Латышонак. — Сёлетні год па эканамічных і вытворчых паказчыках для прадпрыемства склаўся найлепшым чынам. Працоўны калектыў забяспечаны работай, своечасова выплочваюцца заробкі. Адным з галоўных аб’ектаў, дзе працуюць нашы работнікі з’яўляецца, аўтадарога Р-46 Лепель—Полацк—мяжа Расійскай Федэрацыі, там праводзіцца маштабная рэканструкцыя. На розных відах работ заняты дарожныя будаўнікі з усёй рэспублікі, у тым ліку і шаркаўчане.

Працуем мы і на Верхнядзвіншчыне, там праводзіцца рамонт маста праз раку Дрысу. Сёлета пачаўся рамонт мастоў праз рэкі Бярозаўка і Янка ў Шаркаўшчынскім раёне. Спецыялісты нашай арганізацыі задзейнічаны і на гэтых аб’ектах.

Значны аб’ём работы мы ажыццявілі падчас падрыхтоўкі гарадскога пасёлка да фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2023». Дзякуючы выдаткаваным грашовым сродкам адрамантаваны дарогі ў райцэнтры, пакладзена новае асфальта-бетоннае пакрыццё, пабудаваны новыя пешаходныя дарожкі, тратуары, добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі. У мінулым годзе на асфальтабетоннай базе мы вырабілі 20 тысяч тон асфальту, сёлета гэта лічба склала 33 тысячы тон. Амаль палову, а гэта 14 тысяч тон, паклалі ў самой Шаркаўшчыне. Дадаткова вырабілі 2600 кубічных метраў бетону. Гэту прадукцыю рэалізавалі не толькі на тэрыторыі нашага раёна, яна карыстаецца попытам на Глыбоччыне, Пастаўшчыне, Браслаўшчыне, Міёршчыне і ў іншых рэгіёнах вобласці.

Як і ў мінулыя гады, работнікі ДБУ № 26 камандзіруюцца ў Краснадарскі край Расійскай Федэрацыі. Там вахтавым метадам разам з іншымі дарожнымі арганізацыямі Беларусі займаюцца будаўніцтвам шляхоў зносін.

Прафесія дарожнага работніка — не з лёгкіх, але яна важная і патрэбная грамадству. Яе прадстаўнікі не толькі будуюць аўтамагістралі, пуцеправоды, пад’язныя шляхі да мастоў, але і забяспечваюць утрыманне і эксплуатацыю многафункцыянальнай дарожнай гаспадаркі. Працы ў дарожнай арганізацыі прысвячаюць жыццё не толькі мужчыны, ёсць у нас і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва — жанчыны. Шчыруюць яны на асфальтабетоннай базе, а таксама ў адміністрацыі. Шмат год працуе ў ДБУ № 26 Ірына Варона. Яна займае пасаду вядучага спецыяліста па кадрах, як вопытны супрацоўнік валодае ўсімі нюансамі сваёй прафесіі. А яшчэ гэта жанчына больш за 10 год узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю прадпрыемства.

Падчас святкавання фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2023» шэраг работнікаў ДБУ № 26 былі ўзнагароджаны за падрыхтоўку гарадскога пасёлка да правядзення маштабнага сельскагаспадарчага форуму. Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама атрымаў дырэктар арганізацыі Алег Латышонак. Падзяка старшыні Віцебскага аблвыканкама ўручана асфальтабетоншчыку Міхаілу Бароўку. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны дарожны рабочы Георгій Карабкоў. Выканавец работ Мікалай Табола атрымаў Падзяку Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Матарысту бетоназмяшальніка Сяргею Абаровічу ўручана Ганаровая грамата Шаркаўшчынскага райвыканкама.

 

Напярэдадні прафесійнага свята нагрудным знакам «Ганаровы дарожнік Беларусі» ўзнагароджаны вадзіцель Віктар Валяўка. Вядучы спецыяліст па кадрах Ірына Варона атрымала Ганаровую грамату Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. Начальнік аддзела механізацыі Аляксандр Казак узнагароджаны Ганаровай граматай ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Белаўтадар». Граматы і Падзякі ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 1 г. Віцебск» атрымалі машыніст катка Анатолій Шалкоўскі, вадзіцель пагрузчыка Генадзій Даргель, намеснік начальніка планава-вытворчага аддзела Уладзімір Касарэўскі, механік Уладзіслаў Змітровіч, машыністы аўтагрэйдэраў Віктар Абрамчык і Руслан Жук.

— Сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята жадаю здароўя, дабрабыту, мірнага неба над галавой, — напрыканцы нашай размовы адзначыў сказаў Алег Латышонак. — Няхай дарога вядзе да вяршынь, дасягненняў і перамог. Поспехаў вам, шаркаўшчынскія дарожнікі!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.