2 снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень страхавых работнікаў

Общество

На працягу многіх гадоў дзейнасць гэтых людзей накіравана на абарону маёмасных і немаёмасных правоў і інтарэсаў грамадзян у выпадку ўзнікнення тых або іншых непрадбачаных сітуацый. Аддзел па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскім раёне прадстаўніцтва «Белдзяржстрах» па Глыбоцкім раёне на працягу года, як і заўсёды, аператыўна і якасна выконваў ускладзеныя на яго абавязкі і дапамагаў засцерагчы жыхароў нашага раёна ад няшчасных выпадкаў і здарэнняў.

— Сёння Белдзяржстрах аказвае паслугі больш чым па 95 відах дабраахвотнага і абавязковага страхавання, — паведаміла   начальніца аддзела па аказанні страхавых паслуг Ганна Зянонаўна Баравік. — Асноўныя віды, якія карыстаюцца попытам сярод насельніцтва, гэта страхаванне дамоў, кватэр, будынкаў, хатняй маёмасці і жывёлы, аўтатранспарту, страхаванне ад няшчасных выпадкаў і здарэнняў.

Сутыкаючыся з рэзультатамі затапленняў ва ўласных кватэрах, рамонтамі, прарывамі труб, людзі ўсё часцей пачынаюць задумвацца пра бяспеку і страхаванне сваёй маёмасці, бо гэта рэальная магчымасць адчуваць сябе ўпэўнена і не клапаціцца ў выпадку магчымых непрыемнасцяў. Так, за 10 месяцаў бягучага года насельніцтву нашага раёна была выплачана страхавая кампенсацыя па ўсіх відах страхавання на суму звыш 150 тысяч рублёў.

На сённяшні дзень аддзел па аказанні страхавых паслуг па Шаркаўшчынскім раёне налічвае 18 супрацоўнікаў калектыву, 12 з іх — страхавыя агенты. Усе гэтыя людзі якасна і добрасумленна выконваюць свае абавязкі і, безумоўна, заслугоўваюць самых лепшых слоў у свой адрас. Выпадковых людзей у нас не бывае — усе зараджаны на вынік, арыентаваны на кожнага страхавальніка. Трыццаць пяць год у сістэме Белдзяржстраха працуюць вядучы спецыяліст Валянціна Гімбар і страхавы агент Вячаслаў Пяткун, 29 і 25 год — стаж работы ў арганізацыі страхавых агентаў Іны Марозавай і Наталлі Сіповіч. Паспяхова спраўляюцца з ускладзенымі на іх абавязкамі нашы новыя супрацоўнікі — страхавыя агенты Людміла Данілюк, Марына Сяляўка і вядучы спецыяліст Вольга Ляскоўская.

Віншую з прафесійным святам усіх страхавых работнікаў нашага калектыву, а таксама ветэранаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Жадаю ўсім моцнага здароўя, асабістага шчасця, поспехаў у рэалізацыі намечаных планаў. А ўсіх жыхароў нашага раёна хачу запэўніць у тым, што і надалей сваёй штодзённай працай мы будзем імкнуцца ўмацоўваць і развіваць узаемны давер, а таксама падтрымліваць рэпутацыю сучаснай і надзейнай страхавой дзяржаўнай кампаніі. Белдзяржстрах па-ранейшаму з вамі!

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.