
Тэхніку палюбіў з дзяцінства
Ігар нарадзіўся ў вёсцы Пад’ельцы, што паблізу горада Міёры. Там прайшлі гады яго дзяцінства і юнацтва. Вучыўся ў сярэдняй школе № 3 раённага цэнтра, якую скончыў у 2005 годзе. З ранняга дзяцінства хлопчыка вабіла тэхніка. У бацькоў быў уласны легкавы аўтамабіль «Жыгулі» ВАЗ-2108. Ігар разам з бацькам вучыўся рамантаваць «васьмёрку», закручваць і раскручваць гайкі, накачваць паветрам гумовыя колы. Нярэдка маці нават выказвала сваё абурэнне на тое, што сын прыходзіў з гаража ў брудным ад аўтамабільнага масла і бензіна адзенні. Але захаплення свайго Ігар не пакідаў. Тым больш, што бацька, які ў той час працаваў машыністам пагрузчыка на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, часта браў сына з сабой на працу.
Захапленне тэхнікай у многім паспрыяла таму, што пасля заканчэння школы Ігар паступіў на навучанне ў Дубровенскі прафесійна-тэхнічны ліцэй, дзе атрымаў спецыяльнасці аўтаслесара і вадзіцеля аўтамабіля катэгорый «В» і «С».
— Сваю працоўную дзейнасць я пачаў у якасці цесляра будаўнічай брыгады санаторыя «Расінка» Міёрскага раёна, — успамінае Ігар, — а праз паўгода быў прызваны на тэрміновую службу, якую праходзіў ў Віцебску ў чыгуначных войсках. У вучэбнай часці пасёлка Печы атрымаў спецыяльнасці стропальшчыка і машыніста аўтакрана. Паўтара гады маёй службы прайшлі на будаўніцтве шматлікіх аб’ектаў ваеннай інфраструктуры на Віцебшчыне, у гарадах Быхаў, Шклоў і іншых.

Каханне нарадзілася пры першым спатканні
Пасля дэмабілізацыі Ігар вырашыў пайсці працаваць у Міёрскую перасоўную механізаваную калону № 55. Кіраўніцтва прадпрыемства даверыла маладому мужчыне аўтакран, бо ў яго ўжо быў вопыт працы на такой тэхніцы. Неяк аднойчы хлопец у вольную хвіліну ўключыў свой камп’ютар і зайшоў у сетку Інтэрнэт. Там убачыў прыгожую дзяўчыну, з якой пазнаёміўся і пачаў весці перапіску. Як высветлілася пазней, Алёна, а менавіта так яе звалі, родам была з Шаркаўшчыны, а на той момант вучылася ў Віцебскім каледжы сувязі.
— Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы Юзэфова, у прыгарадзе Шаркаўшчыны, — кажа Алёна. — Разам з сястрой і братам мы вучыліся ў сярэдняй школе № 1. У адзінаццатым класе маці параіла мне звязаць свой далейшы лёс з працай у сферы сувязі. Таму я ў 2011 годзе ў Віцебску атрымала спецыяльнасць «аператар паштовай сувязі». А з Ігарам мы пазнаёміліся, калі я вучылася на апошнім курсе. Пасля працяглай перапіскі ён прапанаваў мне сустрэцца, я дала сваю згоду. 27 сакавіка 2011 года, калі я была ў сваіх бацькоў у Шаркаўшчыне, ён прыехаў у наш райцэнтр. Падчас нашага першага спаткання мы доўга хадзілі па вуліцах гарадскога пасёлка, вялі гутаркі на розныя тэмы, пілі каву ў кафэ «Сустрэча». Потым Ігар паехаў дадому, даўшы абяцанне ў хуткім часе зноў завітаць да мяне. Аднойчы, разам абмеркаваўшы наш сумесны далейшы лёс, мой будучы спадарожнік жыцця паведаміў, што хоча перавесціся на працу ў Шаркаўшчыну, каб як мага часцей быць побач. Так і атрымалася, некаторы час ён працаваў у Шаркаўшчынскай ПМК № 68. 8 кастрычніка згулялі вяселле, жылі спачатку ў маіх бацькоў у Юзэфове, а калі нарадзілася першая дачушка Жэня, мы набылі сваё ўласнае жыллё.
Прафесія сапраўдных мужчын
Праз год Ігар даведаўся, што ў пажарную аварыйна-выратавальную часць № 1 райцэнтра патрабуецца вадзіцель аўтацыстэрны. Абмеркаваўшы на сямейным савеце ўсе «за» і «супраць», мужчына вырашыў паспрабаваць сябе ў новай справе. Вопыт працы на машыне і вадзіцельскі стаж у Ігара быў ужо немалы, што і паспрыяла працаўладкаванню ў Шаркаўшчынскі РАНС.
— За 11 год працы ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях здараліся розныя выпадкі, калі трэба было ратаваць з вогненнай стыхіі не толькі маёмасць, але і людзей, — кажа мой суразмоўца. — Займаліся тушэннем лясоў, балот, здзяйснялі выезды на ратаванне пацярпелых пры дарожна-транспартных здарэннях. На жаль, былі і выпадкі, калі з палаючых дамоў выносілі целы ўжо загінуўшых людзей. У маі мінулага года я быў пераведзены на пасаду старшага вадзіцеля групы матэрыяльна-іэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання ПАВЧ № 1 гарадскога пасёлка. У мае абавязкі ўваходзіць утрыманне ў спраўным стане аўтацыстэрн і легкавых аўтамабіляў часці, улік гаручазмазачных матэрыялаў і запасных частак да тэхнікі.
Дзеці — наша радасць і будучыня!
Цяпер у сям’ і Пятровых растуць і радуюць сваіх бацькоў чацвёра дзетак. Жэня ходзіць у 5 клас сярэдняй школы № 1, Паліна з’яўляецца вучаніцай трэцяга класа гэтай жа навучальнай установы. Абедзьве дзяўчынкі яшчэ наведваюць заняткі па класе фартэпіяна ў дзіцячай школе мастацтваў. Насця — выхавальніца дзіцячага сада № 1, а Раман — самы меншы ў сям’і Пятровых, праз два месяцы яму споўніцца два годзікі.
Ігар і Алёна прызнаюцца, што не адважыліся б ствараць вялікую сям’ю, каб не дапамога дзяржавы, сваіх бацькоў. Спачатку яны ўзялі крэдыт на набыццё жылля, а калі нарадзілася другая дачушка, яго пагасілі згодна дзеючаму заканадаўству. У планах шматдзетнай сям’і — пашырэнне дома, чым і займаецца Ігар у свабодны час. Алёна цалкам занята выхаваннем дзяцей, стварэннем утульнасці і цеплыні ў доме. А яшчэ яна — выдатны кулінар, гатуе смачныя стравы для мужа і дзяцей. Госці, якія прыходзяць у дом Пятровых, заўсёды выказваюць словы ўдзячнасці за прапанаваныя пачастункі.
Узаемны клопат, павага, давер, разуменне і любоў — асноўны падмурак жыцця, на якім грунтуецца шчасце сям’і Пятровых. Няхай жа так і будзе і надалей!
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
