Міхаіл Якімовіч жыве праблемамі вяскоўцаў

Общество

Прыкласці рукі, каб твая малая радзіма стала прыгажэй, у інтарэсах кожнага вяскоўца. У нашым раёне шмат прыкладаў, калі менавіта прадстаўнікі мясцовага самакіравання мяняюць жыццё аднавяскоўцаў да лепшага.

Намеснік генеральнага дырэктара па кіраванні адкрытага акцыянернага таварыства «Ельня-Агра» Міхаіл Якімовіч працуе на гэтай пасадзе 12 год. Праяўляючы актыўную грамадзянскую пазіцыю, ён з’яўляецца яшчэ і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 28 склікання па Зоркаўскай выбарчай акрузе № 20, вырашае праблемы жыццядзейнасці жыхароў сямнаццаці вёсак, у якіх пражывае 361 чалавек.

— Я нарадзіўся і вырас на гэтай зямлі, таму мне знаёмы ўсе мясцовыя жыхары, іх жыццёвы ўклад, праблемы, — расказаў народны абраннік. — Яшчэ калі ўзначальваў будаўнічую брыгаду нашага сельгаспрадпрыемства, мае землякі выбіралі мяне дэпутатам, а значыць — давяралі. І цяпер я не магу падвесці сваіх выбаршчыкаў, калі ім патрэбна мая дапамога ў вырашэнні той або іншай задачы.

Праблемы, з якімі да мяне звяртаюцца людзі, бываюць самыя розныя. Камусьці трэба прагрэйдзіраваць вуліцу, каб быў зручны пад’езд, іншым патрабуецца тэхніка для апрацоўкі прысядзібных участкаў, абмалоту збажыны, падвозу паліва, некаторыя выпісваюць зерне, сена на корм жывёле. Нават калі вулічны ліхтар сапсуецца, людзі ідуць да мяне. Невырашальных пытанняў, я лічу, быць не можа. Калі адну праблему можна вырашыць літаральна за лічаныя дні, то на іншыя патрэбен час, але галоўнае, што паміж мной і людзьмі заўсёды ёсць узаемаразуменне.

Як і іншыя сельгаспрадпрыемствы раёна, наша гаспадарка праводзіць кантрактацыю маладняку буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва. Паказчык яе дасягае 65 працэнтаў ад агульнай колькасці кароў, якія ўтрымліваюць на сваіх падворках вяскоўцы. Разлік за здадзеных цялят мы праводзім наяўнымі грашамі, а ў мінулым годзе за адну здадзеную сельгаспрадпрымству галаву БРЖ дадаткова давалі яшчэ і рулон сена. Маладняк буйной рагатай жывёлы прывозяць не толькі з вёсак нашага сельгаспрадпрыемства, цялят закупаем і ў іншых населеных пунктах раёна.

У цяперашні час механізатары і слесары рыхтуюць тэхніку да вясенне-палявых работ, у штатным рэжыме працуюць жывёлаводы. Як вядома, з-за не вельмі спрыяльных умоў надвор’я летась былі праблемы з нарыхтоўкай кармоў для буйной рагатай жывёлы. Таму часткова сена і сянаж мы скошвалі і закладвалі ў бурты на палетках КУВСП імя Маркава. Паўтары тысячы тон кармоў, а гэта трэцяя частка ад агульнай колькасці, якую мы нарыхтавалі ў мінулым годзе, цяпер перавозім на малочнатаварныя фермы нашага сельгаспрадпрыемства. Упэўнены, што зімоўка жывёлы пройдзе ў гаспадарцы без недахопу кармоў.

25 лютага ў нашай краіне пройдзе адзіны дзень галасавання. Усе мы будзем выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. Удзел у выбарах — канстытуцыйнае права грамадзян, якое пацвярджае іх актыўную грамадзянскую пазіцыю. Такім чынам выбаршчыкі, а значыць кожны з нас, уплываюць на тое, як будзе жыць і развівацца беларуская дзяржава.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.